ЛЯ́ХАЎСКІЯ АСТРАВЫ́,

паўднёвая група ў архіпелагу Новасібірскіх астравоў (Расія), на мяжы мораў Лапцевых і Усх.-Сібірскага. Уключаюць а-вы: Вял. Ляхаўскі (пл. 5,3 тыс. км2), М.Ляхаўскі (пл. 1,3 тыс. км2), Сталбавы (пл. 170 км2) і Сямёнаўскі. Ад мацерыка Азія аддзяляюцца пралівам Дзмітрыя Лапцева. Паверхня пераважна раўнінная. Выш. да 270 м (Вял. Ляхаўскі). Шматгадовая мерзлата. Шматлікія яры і тэрмакарставыя азёры. Поліганальная асакова-злакавая тундра, шмат балот. Промысел пясца. Адкрыты ў 1712. Названы ў гонар рус. прамыслоўца І.Ляхава.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАСІБІ́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг паміж морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім, у Рэсп. Саха (Якуція), у Расіі. Пл. каля 38 тыс., км2. Уключаюць 3 групы а-воў: Ляхаўскія астравы, уласна Новасібірскія, або Анжу астравы, і Дэ-Лонга. Паверхня нізінная, складзена пераважна з рыхлых адкладаў, у зах. ч. — з вапнякоў і сланцаў. Выш. да 374 м (в-аў Кацельны). Клімат арктычны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -28 °C да -31 °C, ліп. 1—3 °C. Ападкаў да 132 мм за год. Пераважаюць шматгадовамёрзлыя горныя пароды і падземныя льды. Расліннасць арктычнай тундры. З жывёл трапляюцца паўн. алень, пясец, лемінг, зрэдку белы мядзведзь. У летні час шмат птушак. Промысел пясца. Палярная станцыя на в-ве Кацельны (з 1933).

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)