ГАФЕ́З

(сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАСКАПІ́Я

(ад гастра... + ...скапія),

метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)