ГО́МЕЛЬСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1967. Сярод першых творчых калектываў лектарска-камерная група і эстрадныя брыгады. У 1974—92 працаваў вак.-інстр. ансамбль «Сябры». На 1.1.1997 працуюць: камерны хор (маст. кіраўнік і дырыжор А.​Сакалова), канцэртны аркестр (гал. дырыжор Ю.Васілеўскі), струнны квартэт, інстр. група, для дзяцей — «Тэатр гульняў і забаў», літ.-муз. лекторый. Сярод салістаў спявачкі Г.​Паўлёнак, Т.​Сапегіна, артыст-лялечнік М.​Манец, ілюзіяніст Л.​Грыцанюк. Філармонія арганізоўвае і праводзіць фестывалі «Музычнае Палессе», «Гомельская вясна», «Калядны фестываль», «Рэнесанс гітары», удзельнічае ў міжнар. фестывалі «Беларуская музычная восень». З 1980 пры філармоніі працуе Мазырскі філіял.

т. 5, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».

Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.​Клімчук, гал. мастак А.​Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.​Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.​Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.​Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.​Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.​Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.​Граўцова (паводле твораў Я.​Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.​Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.​Угрумава), «Чорная курыца» А.​Пагарэльскага, «Папялушка» Я.​Шварца, «Лялечнік» М.​Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.​Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.​Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Беларускі тэатр «Лялька». Удзельнікі спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯЛЕК «БАТЛЕ́ЙКА».

Створаны ў 1990 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Заснавальнік і маст. кіраўнік у 1990—92 рэжысёр-лялечнік С.​Юркевіч. З 1992 маст. кіраўнік Г.​Карбаўнічая, у 1994—95 — Ю.​Сарычаў. Т-р арыентуецца на стараж. бел. мастацтва батлейкі, у падмурку якога традыцыі хрысц. духоўнасці. Працуе з рознымі сістэмамі лялек (марыянетка, трысцінавая, пальчаткавая, планшэтная, тантамарэска, шпянёвая), а таксама ў «жывым плане». У спектаклях выкарыстоўваюцца дэкарацыі, стылізаваныя ў адпаведнасці з афармленнем традыц. бел. батлейкі, а таксама нар., аўтэнтычныя сродкі выразнасці. Т-р імкнецца стварыць свой адметны, нац. рэпертуар. Сярод найб. значных пастановак: «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» П.​Васючэнкі і С.​Кавалёва, «Піліпка і Ведзьма» і «Хохлік» Кавалёва, «Меч Анёла» І.​Сідарука, «Чароўны камень» В.​Лукшы, «Мая Іліяда» У.​Караткевіча, «Казкі з куфэрка» А.​Жугжды, «Пакінуты ўсімі» А.​Ляляўскага, «Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.​Туравай, «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва і інш. У розны час у т-ры працавалі рэжысёры М.​Андрэеў, Жугжда, В.​Калядзіч, Ляляўскі, В.​Шылкоўскі; гал. мастак — В.​Рачкоўскі. Т-р удзельнічаў у міжнар. фестывалях т-раў лялек Беларусі (1993, 1995, 1999), у Германіі (1992, 1993), Італіі (1996, 1997), Польшчы (1999).

С.​Ф.​Юркевіч.

Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Хохлік» С.​Кавалёва.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)