Лякала 6/473—474; 11/205

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯКА́ЛА,

1) чарцёжны інструмент для правядзення і праверкі крывых ліній. Бываюць простыя (з дрэва, пластмасы, металу, маюць крывалінейны край) і універсальныя з пераменнай крывізной (стальная лінейка з прыстасаваннем, якое зменьвае яе канфігурацыю — крывізну).

2) Бясшкальны вымяральны інструмент або разметачнае прыстасаванне (шаблон) у выглядзе стальной пласціны з рабочым краем, зробленым па адваротным профілі вырабу. Выкарыстоўваецца ў машына- і суднабудаванні для кантролю і абводкі крывалінейных контураў фасонных дэталей.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙКА,

1) інструмент для правядзення прамых ліній на плоскасці і выканання некаторых вымярэнняў. Чарцёжная Л. для правядзення паралельных ліній наз. рэйсшынай (бывае Т-падобная і механізаваная, з сістэмай ролікаў і нітак), для правядзення крывых ліній — лякала (гл. таксама Чарцёжна-канструктарская тэхніка).

2) Л. праверачная — стальная або чыгунная, для праверкі прамалінейнасці паверхняў дэталей станкоў, машын і інш. Даўж. да 4 м.

3) Лічыльны інструмент для інж. вылічэнняў — лагарыфмічная лінейка.

4) Шматмесны адкрыты конны экіпаж з падоўжнай перагародкай, у якім пасажыры сядзяць бокам да напрамку руху; гар. транспарт у 19 ст. ў Расіі.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для складання і афармлення карт, вымярэнняў па картах і трансфармавання картаграфічных адлюстраванняў. Пры вычэрчванні матэм. асновы (апорныя пункты, картаграфічныя сеткі) выкарыстоўваюць каардынатографы, штангенцыркулі, лякала, лінейкі Дробышава (для прачэрчвання дуг акружнасцей), нармальныя (жэнеўскія) лінейкі (для вымярэння ліній з дакладнасцю да 0,2 мм); пры пераносе зместу з адной карты на другую — пантографы, прапарцыянальныя цыркулі, праектары-эпіскопы, эпідыяскопы, дыяскопы, кадаскопы; пры пераўтварэнні праекцый — фотамех. трансфарматар. Надпісы набіраюць пры дапамозе фотанаборных машын. Пры складанні карт на пластыках, сінт. плёнках і фотаслаях выкарыстоўваюць ручныя і электронныя гравіравальныя інструменты. Каляровае афармленне карт выконваюць пэндзлем або пульверызатарам-аэрографам. Пры падрыхтоўцы карты да выдання ўжываюць фотакапіравальныя ўстаноўкі і капіравальныя рамы. Пры рабоце з картамі выкарыстоўваюць планіметры, курвіметры, цыркулі-вымяральнікі, палеткі, геадэзічныя транспарціры. Аўтам. картаграфічныя прылады з дапамогай лічбавальнікаў, ЭВМ, алфавітна-лічбавых друкавальных прыстасаванняў дазваляюць атрымліваць картаграфічныя адлюстраванні і праводзіць розныя картаграфічныя вызначэнні на паперы, пластыку, экране, у выглядзе фотакопій.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Да арт. Картаграфічныя прылады. Малы планшэт лічбавальніка з каляровым графічным дысплеем.

т. 8, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)