«ЛЯЗІ́НКА»,

«Лязгінка», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЗГІ́НКА,

народны танец лезгін. Муз. памер ​6/8, ёсць варыянты на ​2/4. Тэмп хуткі. Мелодыя дакладная, дынамічная. У аснове сюжэта Л. — танец-спаборніцтва, што дэманструе спрыт, віртуознасць, нястомнасць танцораў. Выконваецца як сольны мужчынскі танец і ў пары з жанчынай. У многіх народнасцей Каўказа існуюць разнавіднасці Л., якія атрымалі найменне ад назвы народнасці, мясцовасці ці мелодыі суправаджэння. На Беларусі вядомы падобны танец «Лязінка».

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)