«ПАЛАЖЭ́ННІ» 19 ЛЮ́ТАГА 1861,

сукупнасць заканад. актаў, што аформілі адмену прыгоннага права ў Рас. імперыі. Зацверджаны імператарам Аляксандрам II 3 сак. (19 лют. па старым стылі) 1861, апублікаваны 17.3—14.4.1861. Складаліся з «Агульнага палажэння аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці», 4 «Мясцовых палажэнняў», «Правіл» і «Дадатковых правіл». Гл. Сялянская рэформа 1861.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРКЕ́ВІЧ (Карл Станіслававіч) (н. 17.10.1926, г. Мазыр),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ў партызанах, разведчык, з 1944 на фронце. Радавы К. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Германіі: 4 лютага на подступах да г. Франкфурт-на-Одэры, 26 лютага з яго ўдзелам захоплены 2 «языкі», 19—20 крас. на левым беразе Одэра падняў байцоў у атаку.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1935. Засн. 12 лютага. Цэнтр — мяст. Журавічы. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. 5.4.1935 перайменаваны ў Журавіцкі раён.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з лютага 1942 да лютага 1944 на тэр. Ваўкавыскага, часткова Поразаўскага і Свіслацкага р-наў, уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Налічвала больш за 90 чал., складалася з пярвічных падп. ячэек, якія дзейнічалі ў Ваўкавыску, вёсках Карпаўцы, Каты, Краснае Сяло, Пекары, Петакі, Севашкі, Трунцы Ваўкавыскага, Грыцкі, Задворанцы, Раманаўцы Свіслацкага, Грынявічы і Міхайлы Поразаўскага р-наў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, зрывалі планы акупантаў па рабаванні насельніцтва і вывазе моладзі ў Германію, учынялі дыверсіі, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты. У лютым 1944 гітлераўцы арыштавалі 19 патрыётаў, астатнія працягвалі барацьбу, некаторыя пайшлі да партызан. У в. Карпаўцы помнік падпольшчыкам.

т. 4, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКІ БОЙ 1943.

Адбыўся ў лют. 1943 паміж партыз. брыгадай «Жалязняк» і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г. Докшыцы.

Перад пачаткам аперацыі партызаны перакрылі засадамі ўсе дарогі на Докшыцы. 1-ы атрад наступаў з ПдЗ, 2-і — з ПдУ, 3-і — з ПнУ, 4-ы прыкрываў наступаўшых. 6 падрыўных груп павінны былі дыверсіямі на чыгунцы адцягнуць шматлікія фаш. гарнізоны. якія размяшчаліся ўздоўж чыг. лініі Маладзечна—Полацк. Наступленне пачалося ў ноч на 3 лютага. Партыз. батарэі нанеслі ўдар па цэнтры горада, дзе размяшчаліся ўстановы акупантаў, і раніцай пакінулі Докшыцы, захапіўшы вял. колькасць маёмасці са складаў праціўніка. 19 і 20 лютага партызаны зноў нанеслі раптоўны ўдар па Докшыцкім гарнізоне. Ворагу прычынены вял. страты ў жывой сіле і тэхніцы.

Р.​А.​Чарнаглазава.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК РО́ДИНЫ»,

перыядычны лісток Мінскага падп. гаркома КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выдаваўся ў студз.лют. 1942 у Мінску на рус. мове. З мэтай канспірацыі выходзіў ад імя паліт. ўпраўлення Зах. фронту. Захаваліся 3 нумары: ад 18, 25 студз. і 1 лютага.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАЯ НОЧ,

перыяд, калі Сонца не ўздымаецца над гарызонтам і няма прамога сонечнага асвятлення зямной паверхні. Назіраецца на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 10 снеж. да 3 студз., на 82° паўн. ш. — з 17 кастр. да 26 лютага. На Паўн. полюсе Сонца не ўзыходзіць 176 сут.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКДЭ́НСКАЯ БІ́ТВА 1905,

наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Сандэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.​Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл. Портсмуцкі мірны дагавор 1905).

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗО́РКІ»,

дзіцячы часопіс. Выдаваўся з лютага 1921 да чэрв. 1922 штомесячна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.​Бядуля. Публікаваў маст. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Бядулі, Я.​Журбы, М.​Чарота і інш., матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет, па мастацтве і музыцы. У рубрыцы «Для маленькіх дзетак» змяшчаў пазнавальныя матэрыялы (апісанне гульняў, загадкі, песні з нотамі і інш.), у рубрыцы «Дзіцячая творчасць» — вершы, малюнкі, карэспандэнцыі чытачоў. Выйшла 10 нумароў.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,

у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)