«Люстра», бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТЭ́РКА,
цела з адбівальнай паверхняй, няроўнасці якой не перавышаюць долей даўжыні хвалі (эл.-магн. ці гукавой). Выкарыстоўваецца ў побыце, астр. і фіз. прыладах, ультрагукавой апаратуры, медыцыне і інш.
Уласцівасці Л. вызначаюцца каэфіцыентам адбіцця матэрыялу, з якога яно зроблена, і формай яго паверхні. Каэфіцыент адбіцця ўплывае на энергію адбітай хвалі, для яго павелічэння на паверхню Л. наносяць тонкі слой металу або мнагаслойнае дыэл. пакрыццё. Форма Л. вызначае від адбітай хвалі (плоскай, цыліндрычнай, сферычнай). Плоскае Л. змяняе толькі напрамак распаўсюджвання хвалі і захоўвае яе від (напр., плоская хваля застаецца плоскай, сферычная — сферычнай). Увагнутыя і выпуклыя Л. з паверхняй рознай формы змяняюць напрамак распаўсюджвання і від адбітай хвалі, напр., плоская хваля пры адбіцці ад знешняй паверхні конуса пераўтвараецца ў цыліндрычную, цыліндрычная пры адбіцці ад унутранай паверхні конуса — у плоскую. Аптычныя Л. пазбаўлены храматычнай аберацыі (гл.Аберацыі аптычных сістэм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.
Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),
оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.
Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл.Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт.РАТАН-600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),
геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.