ДРУ́ЦКІЯ-ЛЮБЕ́ЦКІЯ,
княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Сыны Васіля Рыгоравіча Друцкага Багдан (каля 1450—да 1500) і Раман (каля 1450—да 1525) набылі маёнтак Любчу на Валыні (адсюль 2-я частка прозвішча). Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Відунічамі (Відзенічамі), таму некат. прадстаўнікі роду называліся кн. Відуніцкімі. Найб. вядомыя:
Шыман (каля 1665—1710), стольнік оўруцкі (1709), перад смерцю прызначаны мінскім кашталянам. Францішак (каля 1735—1806), суддзя земскі (1765), харужы (1773), маршалак (1782) і кашталян (1793) пінскі. У 1794 заснаваў мураваны касцёл у Луніне. Францішак Ксаверы (1778—1846). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 у паходзе А.В.Суворава ў Італію і Швейцарыю. Маршалак Гродзенскай губ. (1812). У 1816 часовы гродзенскі губернатар, з 1821 міністр скарбу Царства Польскага.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́КСІНІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». За 22 км на У ад г. Сянно, 46 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Багушэўская. 448 ж., 183 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1512. Належала да маёнтка Палонна ў Віцебскай зямлі. У розны час Алексінічамі валодалі Пацы, Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Сапегі, Друцкія-Любецкія, Стаброўскія і інш. У пач. 20 ст. вёска (сяло) у Пустынскай вол. Сенненскага пав.; 836 ж., 137 дамоў, правасл. царква. З 1924 цэнтр сельсавета.
т. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн. Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).
Літ.:
Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)