Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСУ́ХА (Fulica atra),
птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі пералётны і пралётны від. Жыве на вадаёмах, зарослых трыснягом і чаротам. Трымаецца чародамі. Нар. назвы: вадзяная курыца, лыска, лысоха.
Даўж. да 45 см, маса да 900 г. Апярэнне цьмяна-чорнае, на брушку з шараватым адценнем. На лбе белая, голая (лысая) мясціна скуры (адсюль назва). Дзюба канічная, кароткая, белая. Лапы шэрыя. Пальцы з плавальнымі перапонкамі. Добра плавае і нырае Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай. Нясе да 15 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГО́НКІН (Algonquin),
правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс.га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс.га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫ́НА,
птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан, ва ўсх.ч. Цянь-Шаня. Засн. ў 1948 (у сучасных межах з 1976) для аховы месцаў гнездавання і зімовак вадаплаўных і водна-балотных птушак. Пл. больш за 17 тыс.га, з іх 15 тыс.га прыпадае на акваторыю воз. Ісык-Куль (у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння). Запаведнік складаецца з 9 адасобленых участкаў вакол возера. На ўвільготненых месцах звычайныя густыя зараснікі абляпіхі, талу, тамарыску, барбарысу і карагачу, падводныя лугі харавых водарасцей. У фауне стэпавы тхор, ласка, барсук і інш., акліматызавана андатра, у гарах — марал, горны казёл, трапляецца снежны барс, з птушак — фазан, арлан-белахвост, белая чапля, чырвананосы нырэц, лысуха, лебедзь-шыпун. Запаведнік уключаны ў праграму «Чалавек і біясфера».
...ІТ (ЫТ) (грэч. itis), суфікс, які выкарыстоўваецца для ўтварэння назоўнікаў — назваў запаленчых захворванняў або працэсаў, напр., артрыт, гідрадэніт.