Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.
Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст.Міжнар.лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.
На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫЯ ГО́НКІ,
скарасны бег на лыжах, від лыжнага спорту. Праводзяцца на перасечанай мясцовасці, у мужчын на 10, 15, 30, 50 і 70 км, эстафета 4 × 10 км; у жанчын на 5, 10 і 20 км, эстафета 4 × 5 км.
Першыя спаборніцтвы па Л.г. праведзены ў 1767 (Нарвегія) на дыстанцыі 4 мілі (6,4 км). У Расіі адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург) на дыстанцыі 1/4 вярсты (0,27 км).
Першыя спаборніцтвы па Л.г. на Беларусі прайшлі ў 1920 (г. Віцебск) і ў 1921 (Мінск, гонка на 5 вёрст). У 1926 адбылася Усебел. лыжная эстафета па гарадах БССР. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1926, зімовыя спартакіяды, у праграме якіх ёсць Л.г., — з 1962. З 1969 разыгрываецца Кубак Беларусі. Бел. спартсмены па Л.г.: Р.Ачкіна — бронз. прызёр X Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя), чэмпіёнка свету ў эстафеце (1966), чэмпіёны СССР — В.Камоцкі, С.Сяргееў, Т.Маркашанская, сярэбраныя прызёры зімняй Сусв. універсіяды (1999, Славакія) у эстафеце Я.Амосенка, С.Далідовіч, М.Семяняка, А.Трагубаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс.км². Нас. 192 тыс.чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г.Горна-Алтайск.
Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн.ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах.ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.
Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз. — сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс.чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.Я.Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт.вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт.вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).