ЛУІДО́Р (франц. louis d’or залаты луі; Louis Людовік),
асноўная залатая манета Францыі, выпуск якой пачаўся ў 1640 пры Людовіку XIII (адсюль назва) і працягваўся да 1795. Напачатку Л. раўняўся 10 ліўрам. З павышэннем кошту золата адпаведна павышаўся і кошт Л. (у 1686 роўны 11 ліўрам 10 су). У 1693—1726 Л. выпускаўся неаднаразова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСТДО́Р,
залатая манета Рэчы Паспалітай, якая чаканілася пры Аўгусце III у 1753—56, 1758. Адпавядала 5 талерам (каратная проба 23,5, лігатурная маса 5,96 г). Прататыпамі аўгустдора былі пістоль Іспаніі, луідор Францыі, фрыдрыхсдор Прусіі. У 1753—56 чаканіліся таксама фракцыі ў ½ і 2 аўгустдора.
Двайны аўгустдор 1756 Аўгуста III (Рэч Паспалітая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТО́ЛЬ (франц. pistole, ісп. pistola),
старадаўняя іспанская залатая манета. Чаканілася ў 16—18 ст., маса 6,20 г; з 1786—5,92 г. У 17 ст. назву «П». атрымалі практычна ўсе залатыя манеты, якія былі роўныя па масе ісп. П. Абарачаліся ў Францыі (гл.Луідор), Італіі, Германіі і інш. краінах. Выйшлі з абарачэння ў канцы 18 ст.