ЛУЧА́ЙСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму ў в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1766—76 па фундацыі Т.Агінскага. Часткова перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. (зменена ордэрная пластыка і размаляваны інтэр’ер) Мураваная 2-нефавая 2-вежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Гал. фасад фланкіруюць 3-ярусныя вежы, раскрапаваныя вуглавымі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваны). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Гал. фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордэра. Інтэр’ер насычаны арх. пластыкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Арнаментальным дэкорам запоўнены ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.

С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмаленка.

Лучайскі касцёл езуітаў.
Інтэр’ер Лучайскага касцёла езуітаў. Фрагмент.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧА́Й,

вёска ў Навасёлкаўскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. За 18 км ад горада і чыг. ст. Паставы, 268 км ад Віцебска. 253 ж., 92 двары (1999).

Вядома з 1542 як уладанне Забярэзінскіх. З канца 16 ст. мястэчка. Маёнтак Л. належаў Юндзілам, Глябовічам, Шэметам і інш. З 1617 уладанне Рудамінаў, з 1731 — Агінскіх. У 1766—76 у Л. пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Вілейскім пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1905 у сяле і маёнтку Л. 81 ж., нар. вучылішча, валасное праўленне, крама. З 1921 Л. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны ў Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета ў Пастаўскім, Дунілавіцкім р-нах. З 1960 вёска Л. у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах.

Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Лучайскі касцёл езуітаў (1776).

І.П.Зямчонак.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)