род кветкавых раслін сям. каноплевых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — Х. звычайны (H.lupulus). Трапляецца па вільготных лясах, хмызняках, берагах рэк.
Адна- і шматгадовыя двухдомныя травяністыя расліны. Сцёблы даўж. да 10 м, павойныя, рабрыстыя, полыя, на зіму адміраюць. Лісце супраціўнае, акруглае, лопасцевае.
Кветкі дробныя, аднаполыя, мужчынскія — у мяцёлчатых, жаночыя — у коласападобных суквеццях. Прыкветкі жаночага суквецця пасля цвіцення разрастаюцца і ўтвараюць суплоддзі — «шышкі». Плод — арэшак. «Шышкі» Х. звычайнага маюць да 22% смалістых рэчываў (лупулін), выкарыстоўваюцца ў піваварнай прам-сці, замест дражджэй пры хлебапячэнні, як антысептык у медыцыне. Сцёблы маюць грубае валакно, ідуць на корм жывёле. Тэхн., дэкар., эфіраалейныя, лек., валакністыя, прыпраўныя расліны.