Луннік (род раслін) 5/540—541 (укл.); 6/440

- » - ажываючы 6/440 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ННІК (Lunaria),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. ажываючы (L. rediviva), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы месцы росту ў Мінскай (Налібоцкая пушча) і Віцебскай абласцях. Расце каля ручаёў і крыніц у густых лісцевых і хвойна-шыракалістых лясах, часам утварае зараснікі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Л. аднагадовы (L. annua).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцябло прамастойнае. Лісце сэрцападобнае, буйназубчастае. Кветкі ліловыя, пахучыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — плоскі стручок даўж. да 5 см. Пры выспяванні створкі з насеннем аддзяляюцца, на расліне застаюцца белыя, празрыста-плевачныя з перламутравым адлівам бліскучыя перагародкі. Дэкар. расліны.

Луннік ажываючы.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ, капуставыя (Brassicaceae, ці Cruciferae),

сям. двухдольных раслін парадку каперсакветных. 350 родаў, каля 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі найб. вядомыя К. з родаў бурачок, вяснянка, вячорніца, гарчыца, гуляўнік, жаўтушнік, зубніца, капуста, клапоўнік, крупка, луннік, рэдзька, свірэпа, торбачнік, часночніца, шыльніца, фарбоўнік і інш. Луннік ажываючы, зубніца клубняносная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы, зрэдку паўкусты. Лісце чаргаванае, без прылісткаў, звычайна апушанае простымі ці галінастымі валаскамі (важная сістэм. адзнака). Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, радзей ружовыя. Вяночак з 4 пялёсткаў, размешчаных крыж-накрыж (адсюль назва). Суквецце — гронка або шчыток. Плод — стручок ці стручочак. Сярод К. агародныя расліны (бручка, капуста, рэдзька і інш), алейныя (рапс, свірэпа і інш.), прыпраўныя (гарчыца, хрэн і інш.), меданосныя (буйміна, гарчыца белая і інш), лек. (гуляўнік, зубніца, клапоўнік і інш), фарбавальныя (фарбоўнік), дэкар. (вячорніца, ляўконія і інш.), пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 1. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. М., 1981.

т. 8, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ХЕМАА (Lahemaa),

нацыянальны парк на ўзбярэжжы Фінскага заліва, у Эстоніі. Засн. ў 1971. Пл. каля 65 тыс. га, у т. л. лясная — 45 тыс. га. Падзелены на функцыян. зоны: рэзерватаў, прыродных ландшафтаў, адпачынку і інш. Размешчаны на 4 паўастравах; па берагах абломкі скал, валуны. На рэчках і ручаях невял. вадаспады і парогі. Лясная расліннасць — зеленамошныя хвойнікі і ельнікі, у поймах рэк — забалочаныя ўчасткі лесу з бярозы і вольхі. Вярховыя балоты. У флоры 838 відаў, у т. л. 26 рэдкіх: чаравічак сапраўдны, луннік ажываючы, лабелія Дортмана і інш. У фауне 37 відаў звяроў, у т. л. казуля, дзік, лось, мядзведзь, норка і інш.; 213 — птушак, у т. л. чорны бусел, глушэц, цецярук і інш.; шмат пералётных птушак.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАРКТЫ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

фларыстычная і зоагеагр. вобласць сушы. Для раслін і жывёл межы галарктычнай біягеаграфічнай вобласці не супадаюць. Самая вял. займае больш за палову ўсёй сушы: Еўропу, б. ч. Азіі, Паўн. Афрыку, Паўн. Амерыку. У складзе галарктычнай біягеаграфічнай вобласці вылучаюць самаст. падвобласці Палеарктыку і Неарктыку.

Фауна на Крайняй Пн бедная і аднастайная, да Пд багацейшая. Агульныя віды для Паўн. Амерыкі і паўн. Еўразіі: бабёр, воўк, буры і белы мядзведзі, гарнастай, лось, высакародны алень, снежны баран, ліс і інш. Сярод эндэмікаў млекакормячыя (віларогі, грызуны апланадонтавыя, селявініевыя і інш.), птушкі (цецеруковыя, гагары, чысцікі і інш.), рыбы (ласасёвыя, асетрападобныя і інш.). Тэр. Беларусі ўваходзіць у падвобласць Палеарктыкі і падзяляецца на 3 правінцыі (раёны); паўн., пераходную і палескую. Пашыраны зубр, бабёр, глушэц, высакародны алень і інш.; сярод эндэмікаў хахуля, бабёр, казуля, сіпуха і інш. Для флоры галарктычнай біягеаграфічнай вобласці характэрны сям. складанакветных, злакавых, асаковых, бабовых, казяльцовых, крыжакветных, губакветных і інш. Больш за 30 эндэмічных сям. раслін: гінкгавыя, адоксавыя, шэйхцэрыевыя і інш. Тэр. Беларусі ўваходзіць у Барэальную падвобласць. Вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі: Усх.-Еўрап. (займае большую ч. тэр.), Цэнтр.-Еўрап. (Белавежская пушча) і Паўн.-Еўрап. (на Пн). Пашыраны складанакветныя, злакавыя, асаковыя і інш., з дрэвавых — бярозавыя, хваёвыя, вярбовыя і інш. Эндэмікі: луннік, снітка, маркоўнік, медуніца і інш.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.У.Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана: 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)