ПЛАНЁР (франц. planeur ад planer лятаць),

безматорны кіравальны лятальны апарат, цяжэйшы за паветра. Здольны планіраваць у паветры, ляцець гарызантальна, лунаць і набіраць вышыню. Можа пераадольваць адлегласці больш за 1000 км, дасягаць вышыні 14 км; скорасць палёту — да 250 км/гадз. П. падымаюць у паветра самалётам ці пускаюць яго са схілу гары і ён набывае скорасць для стварэння падымальнай сілы крыла. Працягласць палёту ў спакойным паветры залежыць ад вышыні, на якую падняты П. Вырабляюць з лёгкіх сплаваў металаў і пластмас масай да 500 кг. Выкарыстоўваюцца пераважна ў спорце і навуч. практыцы пілатавання.

Планёр «Янтар 2» (Польшча).

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),

род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).

Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).

Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Канюкі: 1 — касматаногі; 2 — звычайны.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛЫ́ (Ciconiidae),

сямейства птушак атр. буслападобных, або галянастых. 11 родаў, 18 відаў, пераважна ў тропіках. У Палеарктыцы 3 віды, з іх 2 на Беларусі: бусел белы (Ciconia ciconia) і бусел чорны (Ciconia nigra), які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Бусел чорны часцей трапляецца на Палессі, радзей — на поўначы і вельмі рэдка ў зах. і ўсх. раёнах Беларусі. На пач. 1989 колькасць папуляцыі бусла чорнага ў рэспубліцы дасягнула 1007.

Даўж. 76—152 см. Дзюба доўгая, прамая або злёгку загнутая ўгару ці ўніз. Крылы доўгія і шырокія, некат. буслы могуць доўга лунаць. Большасць відаў не маюць голасу (адсутнічаюць галасавыя мускулы ніжняй гартані) і выдаюць гукі, калі шчоўкаюць дзюбай (рэзанатар — гарлавы мяшок). Гнёзды на дрэвах, скалах, будынках. Пасля гнездавання часта збіраюцца ў чароды. Кормяцца на вільготных лугах, балотах беспазваночнымі, жабамі, трытонамі, яшчаркамі, мышападобнымі грызунамі. Некат. буслы (марабу) кормяцца адкідамі. Бусел далёкаўсходні занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Буслы: 1 — белы, 2 — чорны.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)