Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
рака ў Слонімскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Шчара (бас.р. Нёман). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 195 км2. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Плаўскія Слонімскага р-на, цячэ ў межах Слонімскага ўзв. Даліна выразная, трапецападобная, шыр. да 900 м. Пойма забалочаная, вузкая. Рэчышча ў верхнім цячэнні звілістае, на працягу 15 км каналізаванае. Берагі стромкія і абрывістыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).
Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст.Л.наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВЕНСКІ РАЁН,
на Пд Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс.км2. Нас. 27 тыс.чал. (1997), гарадскога 31,8%. Сярэдняя шчыльнасць 30,9 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г.п.Зэльва, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Галынкаўскі, Дабрасельскі, Дзярэчынскі, Зэльвенскі, Каралінскі, Крамяніцкі, Славаціцкі, Сынковіцкі, Тулаўскі, Ялуцавіцкі.
Раён размешчаны на Ваўкавыскім і Слонімскім узв., якія падзелены далінай р. Зальвянка; на Пн — Нёманская нізіна. Паверхня ўзгорыста-платопадобная. Пераважаюць выш. 150—200 м, 25% тэр. вышэй за 200 мНайвыш. пункт 239 м (каля в. Мадзейкі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, ганчарныя і цэм. гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 536 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Рэкі: Зальвянка, Шчара з прытокамі Луконіца, Бяроза. Зэльвенскае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (64%), тарфяна-балотныя (12,5%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 16,1% тэр., з іх 35% — штучныя насаджэнні. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя, трапляюцца дубовыя і грабавыя. У даліне р. Зальвянка пашыраны заліўныя лугі. Балоты займаюць 1,9%. Рэспубліканскі біял. заказнік Медухава, паляўнічы заказнік Старасельскі. Помнікі прыроды: вярховыя балоты Вішнеўка і Карэвін лут; камень-валун (3,45x2, 45x1,7 м); дуб-трайнік (дыяметр ствала 118 см); дуб (дыяметр 201 см); сасна (дыяметр 115 см).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 63,3 тыс.га, з іх асушаных 14 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 15 калгасаў, пчолапрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён-даўгунец, кармавыя культуры. Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў (асфальт, цэгла) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гродна—Баранавічы і аўтадарогі Ваўкавыск—Слонім, Слонім—Масты. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач. школ, спарт. школа, 2 навучальна-вытв. камбінаты, санаторная школа-інтэрнат (базавая), 21 дашкольная ўстанова, 46 клубаў, 42 б-кі, 3 бальніцы, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў, раённая паліклініка. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом канца 19 ст. ў в. Аляксандраўшчына; царква Яна 2-й пал. 19 ст. ў в. Вострава; Спаса-Праабражэнская царква сярэдзіны 19 ст. і касцёл Ушэсця пач. 20 ст. ў в. Дзярэчын; Юр’еўскі касцёл (1617) у в. Крамяніца; Міхайлаўскі касцёл (1782) у в.Луконіца; Благавешчанскі касцёл (1912) у в. Міжэрычы; царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Славацічы; вадзяны млын канца 19 ст. ў в. Старая Галынка; царква-крэпасць 15—16 ст. у в. Сынковічы. Выдаецца газ. «Праца».