Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖАСНА,
археалагічныя помнікі каля в.Лужасна Віцебскага р-на: гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і банцараўскай культуры, селішча банцараўскай культуры. Гарадзішча ўмацавана 2 валамі. Сярод знаходак фрагменты ляпнога посуду, жал. нажы, сярпы, бронзавая падвеска, касцяная праколка. У 6—8 ст. выкарыстоўвалася як сховішча. На селішчы выяўлены рэшткі паглыбленага ў грунт жытла з печчу-каменкай. Знойдзена ляпная кераміка, гліняны тыгель, прасліцы, бронзавы пінцэт, жал. шылападобная прылада з плоскай лапаткай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЗАЛАВА,
вёска ў Віцебскім р-не, на р. Лужасянка, каля аўтадарогі Віцебск—Гарадок. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Віцебска, 4 км ад чыг. ст.Лужасна. 1458 ж., 605 двароў (1999). Дзярж.буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства меліярац. і водагасп. сістэм. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖАСНЯ́НСКАЙ ЗЕМЛЯРО́БЧАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры мадэрн у в.Лужасна Віцебскага р-на. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст., у 1905—09 рэканструяваны. Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца 3-павярховая вуглавая частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі высокі спічасты шацёр, які надае выразнасць сілуэту будынка. Фасады вырашаны ў 2 колерах. Аконныя праёмы на 2-м паверсе з лучковым завяршэннем, на 1-м — прамавугольныя. У 1909 у будынку адкрыта земляробчая школа. З 1965 — Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖАСНЯ́НСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ імя Ф.А.Сурганава. Засн. ў 1909 у в.Лужасна Віцебскага р-на як ніжэйшае с.-г. вучылішча. З 1920 с.-г. школа 2-й ступені, з 1928 с.-г. школа тэхнічных культур, з 1929 тэхнікум па тэхн. культурах, з 1930 дзярж.с.-г. ільно-пяньковы тэхнікум, з 1965 с.-г. тэхнікум. У 1977 прысвоена імя Сурганава. У 1993—96 саўгас-тэхнікум. З 1.6.1996 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч.г.): аграномія, заатэхнія, ветэрынарыя. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Працуе школа павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сярэдняга звяна. Мае дэндрапарк, музей тэхнікума, спортбазу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум (пас.Лужасна Віцебскай вобл.) 9/475; 12/704 (табл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,
на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 47,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.
Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс.га, з іх асушана 8,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц.т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в.Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж.Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.