Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЯНІ́СТАЯ ЛО́ШЫЦКАЯ,
асенні сорт грушы Беларускага НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення сорту Добрая Луіза свабоднага апылення. Пашыраны і перспектыўны для вырошчвання ва ўсіх абласцях рэспублікі акрамя Віцебскай.
Дрэва сярэднярослае. крона пірамідальная, даволі густая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Сорт дастаткова зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Плады (да 120 г) зеленавата-жоўтыя з ружова-чырв. румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, масляністая, сакавітая, салодкая з невял. кіслінкай. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РА ЛО́ШЫЦКАЯ,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бэра слуцкая і Курская малдаўка. На Беларусі раянаваны ўсюды, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Плоданашэнне пачынаецца на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), шырокагрушападобнай формы, гузаватыя. Скурка тонкая, светла-жоўтая з лёгкім аранжавым румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, паўмасляністая, салодкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня. Лёжкасць каля двух тыдняў.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Лошыцкая Г. Дз. 10/233
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ША (Pyrus),
род пладовых дрэў сям. ружавых. Вядома каля 60 відаў. Пашырана ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам. На Беларусі груша звычайная, ці лясная (P. communis), — родапачынальнік многіх культ. сартоў, расце ў лісцевых, зрэдку хвойных лясах, на ўзлесках і ў хмызняках. Культывуецца найб. на ПдЗ.
Груша звычайная выш. да 15 м, крона пірамідальная. Лісце яйцападобнае або круглае, востразубчастае ці суцэльнакрайняе, скурыстае, бліскучае. Кветкі белыя, ружаватыя, у шчытках. Плады масай 25—300 г, мясістыя, з камяністымі клеткамі, жоўтыя ці зялёныя, часам з румянцам, маюць цукры, арган. к-ты, дубільныя рэчывы, вітаміны. Меданос. Каштоўная драўніна. Дрэва святлалюбнае, засухаўстойлівае. Пачынае пладаносіць на 6—8-ы год пасля пасадкі. Перыяд гасп. выкарыстання 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Лепш расце на сярэдне- і лёгкасугліністых, добра дрэнажаваных глебах. Раянаваныя сарты: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава, Тальсінская прыгажуня; асенне-зімовыя — Бэра лошыцкая, Бэра слуцкая, Масляністая лошыцкая, Бел. позняя і інш.