Лотан Ч. 3/231

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎТАН, Лаўтан,

Лотан (Laughton) Чарлз (1.7.1899, г. Скарбара, Вялікабрытанія — 15.12.1962), англійскі і амерыканскі акцёр. Скончыў Каралеўскую акадэмію драм. мастацтва ў Лондане (1926). Працаваў у т-рах Лондана, Стратфарда-он-Эйван, Нью-Йорка (ролі ў п’есах У.​Шэкспіра, М.​Гогаля, А.​Чэхава і інш.). З 1928 у кіно. Ствараў на экране вобразы, адметныя непаўторнасцю індывід. рыс, глыбінёй і сакавітасцю характарыстык. Зняўся ў фільмах: «Прыватнае жыццё Генрыха VIII» (1933, прэмія «Оскар»), «Адвержаныя», «Мяцеж на «Баўнці» (абодва 1935), «Рэмбрант» (1936), «Гарбун сабора Маці Божай» (1939), «Казкі Манхэтэна» (1942), «Трыумфальная арка» (1948), «Сведка абвінавачвання» (1957) і інш. Ставіў фільмы («Ноч паляўнічага», 1955, і інш.), спектаклі («Жыццё Галілея», 1947).

Літ.:

Утилов В.А. Чарльз Лаутон. М., 1973.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎСКАЯ ШЭКСПІ́РАЎСКАЯ ТРУ́ПА (Royal Shakespeare Company),

адзін з вядучых англ. драм. калектываў. Засн. ў 1879 у г. Стратфард-он-Эйван (да 1961 наз. Шэкспіраўская мемарыяльная трупа). З 1982 размяшчаецца ў культ. комплексе «Барбікан-цэнтр» у Лондане. Ставіць п’есы У.​Шэкспіра, праводзіць шэкспіраўскія фестывалі (з 1886 рэгулярна). У розныя гады трупу ўзначальвалі рэжысёры Ф.​Бенсан, У.​Брыджэс-Адамс, Б.​А.​Пейн, Б.​Джэксан, А.​Куэйл, Г.​Баем-Шоу, П.​Хол, Т.​Нан, Т.​Хэндс, А.​Ноўбл (з 1990); працавалі Т.​Гатры, Ф.​Ф.​Камісаржэўскі, П.​Брук, Т.​Рычардсан і інш.; акцёры: Э.А.Тэры, Г.​Бірбам Тры, Дж.А.Гілгуд, Л.К.Аліўе, В.​Лі, Р.​Рычардсан, Ч.​Лотан, М.​Рэдгрэйв, П.Скофілд і інш. Філіялы з 1960 — т-р «Олд Вік» і камерны т-р «Вархаўз» у Лондане, дзе ставяцца англ. класічная і сучасная драматургія.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОЛД ВІК»

(Old Vic Theatre),

найбуйнейшы драм. т-р у Лондане. Адкрыты 11.5.1818 як т-р тыпу мюзік-хола пад назвай «Кобург тыэтр», з 1833 — Т-р Вікторыі (у народзе фамільярна наз. «Old Vic» — «Старая Вік»). У 1880 у т-ры размясціўся цэнтр оперы і драмы — Каралеўская зала Вікторыі. З канца 1890-х г. вядучы т-р Вялікабрытаніі. Ставіліся пераважна п’есы класічнай англ. і сусветнай драматургіі. З 1914 спецыялізуецца на пастаноўцы п’ес У.​Шэкспіра. У розны час кіраўнікамі т-ра былі Л.​Бейліс, Т.​Гатры, Л.​Аліўе (сумесна з Р.​Рычардсанам і Дж.​Барэлам), Х.​Хант, М.​Бентал, М.​Эліят і інш.; выступалі акцёры Дж.​Гілгуд, Аліўе, А.​Гінес, Ч.​Лотан, Рычардсан, М.​Рэдгрэйв, С.​Торндайк, П.​Эшкрафт і інш. У 1963—76 у памяшканні т-ра выступаў Нац. т-р Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)