Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЎТАН, Лаўтан,
Лотан (Laughton) Чарлз (1.7.1899, г. Скарбара, Вялікабрытанія — 15.12.1962), англійскі і амерыканскі акцёр. Скончыў Каралеўскую акадэмію драм. мастацтва ў Лондане (1926). Працаваў у т-рах Лондана, Стратфарда-он-Эйван, Нью-Йорка (ролі ў п’есах У.Шэкспіра, М.Гогаля, А.Чэхава і інш.). З 1928 у кіно. Ствараў на экране вобразы, адметныя непаўторнасцю індывід. рыс, глыбінёй і сакавітасцю характарыстык. Зняўся ў фільмах: «Прыватнае жыццё Генрыха VIII» (1933, прэмія «Оскар»), «Адвержаныя», «Мяцеж на «Баўнці» (абодва 1935), «Рэмбрант» (1936), «Гарбун сабора Маці Божай» (1939), «Казкі Манхэтэна» (1942), «Трыумфальная арка» (1948), «Сведка абвінавачвання» (1957) і інш. Ставіў фільмы («Ноч паляўнічага», 1955, і інш.), спектаклі («Жыццё Галілея», 1947).
Літ.:
Утилов В.А. Чарльз Лаутон. М., 1973.
т. 9, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСКАЯ ШЭКСПІ́РАЎСКАЯ ТРУ́ПА (Royal Shakespeare Company),
адзін з вядучых англ. драм. калектываў. Засн. ў 1879 у г. Стратфард-он-Эйван (да 1961 наз. Шэкспіраўская мемарыяльная трупа). З 1982 размяшчаецца ў культ. комплексе «Барбікан-цэнтр» у Лондане. Ставіць п’есы У.Шэкспіра, праводзіць шэкспіраўскія фестывалі (з 1886 рэгулярна). У розныя гады трупу ўзначальвалі рэжысёры Ф.Бенсан, У.Брыджэс-Адамс, Б.А.Пейн, Б.Джэксан, А.Куэйл, Г.Баем-Шоу, П.Хол, Т.Нан, Т.Хэндс, А.Ноўбл (з 1990); працавалі Т.Гатры, Ф.Ф.Камісаржэўскі, П.Брук, Т.Рычардсан і інш.; акцёры: Э.А.Тэры, Г.Бірбам Тры, Дж.А.Гілгуд, Л.К.Аліўе, В.Лі, Р.Рычардсан, Ч.Лотан, М.Рэдгрэйв, П.Скофілд і інш. Філіялы з 1960 — т-р «Олд Вік» і камерны т-р «Вархаўз» у Лондане, дзе ставяцца англ. класічная і сучасная драматургія.
т. 8, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОЛД ВІК»
(Old Vic Theatre),
найбуйнейшы драм. т-р у Лондане. Адкрыты 11.5.1818 як т-р тыпу мюзік-хола пад назвай «Кобург тыэтр», з 1833 — Т-р Вікторыі (у народзе фамільярна наз. «Old Vic» — «Старая Вік»). У 1880 у т-ры размясціўся цэнтр оперы і драмы — Каралеўская зала Вікторыі. З канца 1890-х г. вядучы т-р Вялікабрытаніі. Ставіліся пераважна п’есы класічнай англ. і сусветнай драматургіі. З 1914 спецыялізуецца на пастаноўцы п’ес У.Шэкспіра. У розны час кіраўнікамі т-ра былі Л.Бейліс, Т.Гатры, Л.Аліўе (сумесна з Р.Рычардсанам і Дж.Барэлам), Х.Хант, М.Бентал, М.Эліят і інш.; выступалі акцёры Дж.Гілгуд, Аліўе, А.Гінес, Ч.Лотан, Рычардсан, М.Рэдгрэйв, С.Торндайк, П.Эшкрафт і інш. У 1963—76 у памяшканні т-ра выступаў Нац. т-р Вялікабрытаніі.
т. 11, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)