Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я ЛО́РКА
(García Lorca) Федэрыка (15.6.1898, Фуэнтэвакерас, прав. Гранада, Іспанія — 19.8.1938),
іспанскі паэт і драматург. Вывучаў філасофію, л-ру, права ў Гранадзе і Мадрыдзе. У 1931—33 узначальваў вандроўны студэнцкі т-р «Ла Барака». Расстраляны франкістамі. Творчасць Гарсія Лоркі непарыўна звязана з ісп. фальклорам, з якога ён пераняў эмацыянальную напружанасць, гукі, колеры, сімволіку і інш. Адна з гал. ідэй яго паэт. творчасці — магчымасць дыялога паміж людзьмі, кожны з якіх уяўляе асобны свет. У зб-ках «Песні» (1927), «Цыганскае рамансэра» (1928), «Вершы пра кантэ хонда» (1931), «Дыван Тамарыта» (1936), «Паэт у Нью-Йорку» (выд. 1940) водгук рамантызму. У драматургіі Гарсія Лоркі, якая адчула ўплыў сюррэалізму, паглыблены аналіз міжсаслоўных адносін і сац. пытанняў (гераічная драма «Марыяна Пінеда», 1928; нар. фарс «Цудоўная башмачніца» 1930; трагедыі «Крывавае вяселле», паст. 1933; «Йерма», паст. 1934; п’еса «Донна Расіта, дзяўчына, альбо Мова кветак», паст. 1935; драма «Дом Бернарды Альбы», выд. 1945). На бел. мову яго творы перакладаў Р.Барадулін.
Тв.:
Obra poética. Vol. 1—3. Barcelona, 1981—83;
Бел. пер. — Блакітны звон Гранады: Выбр. лірыка. Мн., 1975;
Рус. пер. — Избранное;
Театр;
Стихи. Мн., 1983;
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986.
Літ.:
Осповат Л. Гарсия Лорка. М., 1965.
С.В.Логіш.
т. 5, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІТАШВІ́ЛІ Георгій Міхайлавіч
(27.2.1893, Баку — 4.7.1966),
грузінскі акцёр. Нар. арт. Грузіі (1934). Вучыўся ў школе сцэн. мастацтва ў Пецярбургу (1913—15). У 1915 выступаў у т-рах Таганрога, Уладзікаўказа, Баку, Батумі, з 1920 у драм. т-ры ў Тбілісі (цяпер Груз. т-р імя Ш.Руставелі). Яго творчасць вызначалася вял. сцэн. культурай, мяккай, высакароднай манерай выканання, рамантычнай узнёсласцю. Сярод роляў: Міндзія («Ламара» паводле Важы Пшавелы), Гелахсан («Тэтнульд» Ш.Дадыяні), Гарсія Лорка («Алькасар» Г.Мдывані), Гадуноў («Вялікі гасудар» У.Салаўёва), Захар Бардзін («Ворагі» М.Горкага), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 5, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НГАРА-І-АРГО́ТЭ
(Góngora y Argote) Луіс дэ (11.7.1561, г. Кордава, Іспанія — 23.5.1627),
іспанскі паэт; адзін з пачынальнікаў еўрап. барока, заснавальнік гангарызму. Вывучаў права ў Саламанкскім ун-це. З 1585 святар, з 1617 ганаровы каралеўскі капелан. Працаваў у жанрах санета, рамана, летрыллі; стварыў наватарскі жанр эпіка-лірычнай філас. паэмы, у якой адсутнічае відавочны сюжэт, а фабула — сродак выяўлення нюансаў пачуцця і тонкіх асацыяцый свядомасці (паэмы «Паліфем і Галатэя», нап. 1612—13; «На самоце», нап. 1613, не скончана). Яго лірыка вядома ў спісах, найб. поўна прадстаўлена ў зб. «Творы ў вершах іспанскага Гамера» (1627). Светаадчуванне паэта адзначана кантрастным спалучэннем трагізму і геданізму, песімізму і духоўнага стаіцызму. Выступіў стваральнікам своеасаблівага «цьмянага стылю» (часткова пад уплывам сярэдневяковай араба-андалузскай традыцыі), заснаванага на пастаяннай замене рэальнага ўяўным, алегарычным, на шматасацыятыўнасці слова, складанай метафарычнасці. Яго творчасць паўплывала на сучасную ісп. і лац.-амер. паэзію (Р.Дарыо, Ф.Гарсія Лорка, П.Нэруда).
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1977.
Літ.:
Плавскин З.И. Луис де Гонгора и поэзия XVII в. // Плавскин З.И. Испанская литература XVII середины XIX в. М., 1978;
Штейн А.Л. Литература испанского барокко. М., 1983.
Т.В.Сініла.
т. 5, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)