Лодзінскі камітэт СДКПіЛ 6/418

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯКО́ЎСКІ (Рамуальд Здзіслаў) (н. 1.1.1924, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

вучоны ў галіне экалогіі і біяэнергетыкі. Акад. Польскай АН (1994, чл.-кар. 1979). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Лодзінскі ун-т (1950). З 1952 у Ін-це эксперым. біялогіі, з 1973 у Ін-це экалогіі (да 1982 дырэктар), з 1987 акад.-сакратар Польскай АН, з 1996 праф. Міжнар. цэнтра экалогіі Польскай АН. Навук. працы па вывучэнні энергет. патокаў у экасістэмах, ахове прыродных рэсурсаў.

Тв.:

Экалагічная біяэнергетыка пайкілатэрмных жывёл. Варшава, 1994 (у сааўт.);

Modelowanie matematyczne procesów ekologicznych Warszawa, 1996 (разам з У.​В.​Мяншуткіным).

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДЗІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1905,

паўстанне рабочых Лодзі 22—24.6.1905 у рэв. 1905—07. 18 чэрв. царскія войскі абстралялі рабочых, якія вярталіся з нелегальнага сходу (забілі 10, паранілі 40 чал.). Пахаванне вылілася ў паліт. дэманстрацыю (больш за 50 тыс. чал.). 21 чэрв. расстраляна дэманстрацыя пратэсту (удзельнічала 70 тыс. чал., забіты 21, паранена больш за 100 чал.). Лодзінскі к-т Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы заклікаў працоўных да ўсеаг. забастоўкі, якая 22 чэрв. перарасла ва ўзбр. паўстанне. Рабочыя ўзвялі каля 50 барыкад. Да 24 чэрв. паўстанне задушана. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Лодзі, дэманстрацыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі (Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Оршы, Копысі).

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-р філал. н. (1984). Ганаровы д-р БДУ (1993). Акад. Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.​Бергман і Е.​Тамашэўскім). Складальнік (з В.​Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.​Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел. нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр. арт. да кн. Я.​Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы.

І.​У.​Саламевіч.

А.А.Баршчэўскі.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)