летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МКІ ЛЕ́ТАПІС,
летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж.рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.:
Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕС,
першы летапісны цар 1-й дынастыі ў Стараж. Егіпце. Яму прыпісваецца аб’яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта (паводле сведчання Герадота і Манефона), вынаходства іерагліфічнай пісьменнасці (паводле сведчання Плінія Старэйшага), ён стварыў асновы новай самабытнай егіп. культуры. На мяжы Верхняга і Ніжняга Егіпта заснаваў горад Белыя Сцены (пазней — Мемфіс) — рэліг. і паліт. цэнтр Стараж. Егіпта.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992. С. 41—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С УСЕ́ВАЛАДАВІЧ [каля 1117, Горадзен (Гародня) — пасля 1151],
князь гарадзенскі. Сын кн.Усевалада Давыдавіча і Агаф’і (дачкі Уладзіміра Манамаха). Гарадзенскае княства атрымаў у спадчыну разам з братам кн.Глебам Усеваладавічам. У 1144 удзельнічаў у паходзе кіеўскага кн. Усевалада Ольгавіча на Галіцкага кн. Уладзіміра Валадаравіча. Падтрымаў кн.Ізяслава Мсціславіча ў яго барацьбе з Юрыем Далгарукім за велікакняжацкі прастол. У 1150 разам з Ізяславам хадзіў пад Дарагабуж, у 1151 войска Барыса Усеваладавіча ўдзельнічала ў аблозе Кіева, пасля ўзяцця якога гнала кн. Юрыя да Белгарада. Некаторыя даследчыкі лічаць, што летапісны Горадзен, дзе княжыў Барыс Усеваладавіч, знаходзіўся не ў Панямонні, а на ПнУ Уладзіміра-Валынскай зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
археалагічныя помнікі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, эпохі Кіеўскай Русі (паселішчы, гарадзішча і селішча) каля в.Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Паселішчы належалі плямёнам верхнедняпроўскай культуры і сярэднедняпроўскай культуры. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі ў цэнтры. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і інш. вырабы, ляпны арнаментаваны посуд. Гарадзішча ўмацавана падковападобным валам. Як і селішча, яно належала носьбітам мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і насельніцтву часоў ранняга сярэдневякоўя. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, вырабы з жалеза і бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў. Даследчыкі лічаць, што тут, магчыма, знаходзіўся летапісныЛучын. На селішчы знойдзены фрагменты ляпных і ганчарных гаршкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗБО́РСК,
старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.
А.В.Іоў.
Да арт.Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
агульнарускі летапісны збор 13 — пач. 14 ст., помнік гісторыі і культуры ўсх. славян. Найб.стараж. спіс 15 ст. знойдзены М.М.Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры (адсюль назва) у г. Кастрама (Расія). Захавалася 7 спісаў І.л., з якіх найб. каштоўныя Іпацьеўскі і Хлебнікаўскі (16 ст.). Складаецца з 3 частак: «Аповесці мінулых гадоў» (звесткі да 1117 уключна), Кіеўскага летапісу (1118—99) і Галіцка-Валынскага летапісу (1201—92). Апошні ўключае ўрыўкі з Пінскага летапісу і кароткі літ. летапісец князя Шварна. І.л. — адзіны помнік, у якім, паводле меркаванняў некат. вучоных, зберагліся ўрыўкі згубленага Полацкага летапісу. З’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага княстваў і ВКЛ. Вылучаецца багаццем зместу, гіст. дакладнасцю, дасканаласцю выкладання. Здаўна вядомы на Беларусі. У 16 ст. ім карысталіся аўтары Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага і Хронікі Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
старажытнарускі летапісны збор 14 ст. Перапісаны з больш даўняга спіса манахам Лаўрэнціем (адсюль назва), магчыма, у Ніжнім Ноўгарадзе або Уладзіміры. Збярогся ў пергаментным рукапісе 1377. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст) і летапісу 12—13 ст., прысвечанага гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Апошнія запісы датаваны 1305. Змяшчае таксама «Павучанне Уладзіміра Манамаха» (пад 1096), паданне пра Рагнеду Рагвалодаўну (пад. 1128), агіяграфічную аповесць «Жыццё Аляксандра Неўскага» (пад 1263). Данёс каштоўныя звесткі па гісторыі Русі і асобных яе зямель (Кіеўскай, Наўгародскай, Полацкай, Уладзіміра-Суздальскай), пра дзейнасць стараж.-рус. князёў, у т. л.Усяслава Брачыславіча, па гісторыі культуры і мастацтва ўсх. славян. Як літ. твор уяўляе сабой збор датаваных гіст. апавяданняў і дзелавых запісаў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці, аб’яднаных агульнай тэмай (гісторыя Русі), спосабам летапіснага адлюстравання мінулага і пагадовай формай выкладу. Упершыню апубл. ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 1). Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл.Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.М.Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел.летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.