ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),

нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.​Папковіч.

Тв.:

Рус. пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;

Избранное. М., 1980.

Літ.:

Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.

Г.​В.​Сініла.

Г.Лесінг.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІНСО́Н-ЛЕ́СІНГ (Франц Юльевіч) (9.3.1861, С.-Пецярбург — 25.10.1939),

расійскі геолаг і петрограф. Акад. АН СССР (1925, чл.-кар. 1914). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883). З 1892 праф. Тартускага ун-та, з 1902 — Вышэйшых жаночых курсаў у Пецярбургу, адначасова пецярбургскіх політэхн. ін-та (1902—30) і ун-та (з 1921). У 1925—29 першы дырэктар Глебавага ін-та АН СССР, у 1930—38 заснавальнік і дырэктар Петраграфічнага ін-та АН СССР, першы дырэктар Вулканалагічнай станцыі на Камчатцы. Навук. працы па тэарэт. петраграфіі (абгрунтаваў уяўленні аб петраграфічных правінцыях, даў хім. класіфікацыю горных парод), крышталяграфіі, мінералогіі, вулканалогіі.

Ф.Ю.Левінсон-Лесінг.

т. 9, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лесінг Г. Э. 1/309, 506; 2/79, 328, 469; 3/319, 442, 444; 4/269, 270; 5/294; 6/6, 11, 296, 341, 392; 8/362; 10/368; 11/386, 405, 483

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Левінсон-Лесінг Ф. Ю. 3/174, 404; 6/515; 7/470; 8/420

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКРЭАНТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.​Шэнье, Вальтэр, П.​Беранжэ; у Германіі — І.​Глейм, Г.​Лесінг; у Расіі — М.​Ламаносаў, Г.​Дзяржавін, К.​Бацюшкаў, А.​Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.​Багдановіча.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМ (Brahm; сапр. Абрахамзон; Abrahamsohn) Ота

(5.2.1856, г. Гамбург, Германія — 28.11.1912),

нямецкі тэатр. дзеяч, рэжысёр. Заснавальнік ням. сцэнічнага натуралізму. Вучыўся ў Берлінскім, Гейдэльбергскім і Страсбургскім ун-тах. З 1889 узначальваў літ.-тэатр. т-ва «Вольная сцэна», з 1894 — Нямецкі т-р, з 1904 — «Лесінг-тэатр» (усе ў Берліне). Паставіў амаль усе п’есы Г.​Ібсена і Г.​Гаўптмана, ставіў А.​Хольца, І.​Шлафа, Э.​Заля, Л.​Талстога. У яго спектаклях жыццёвая дакладнасць дэталяў спалучалася з глыбінёй распрацоўкі псіхал. Сцэн.

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮСЕЛЬДО́РФСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна са школ ням. жывапісу 19 ст. Узнікла ў сувязі з заснаваннем у 1819 Дзюсельдорфскай АМ, першы дырэктар якой П.Карнеліус імкнуўся скіраваць яе дзейнасць у рэчышча акадэмізаванага рамантызму. Пры дырэктару В.​Шадаве (1826—59) у ёй вылучыліся асобныя кірункі: нац.-гіст. тэматыка Трактавалася ў павярхоўна-рамант. (К.​Ф.​Зон, Т.​Гільдэбрант), эпіка-гераічным (А.​Рэтэль) і нават апазіцыйна антыкаталіцкім (К.​Ф.​Лесінг) рэчышчы; развіваўся рэаліст. пейзаж (О. і А.​Ахенбах). У быт. жанры з 1850-х г. панавалі ідылічныя сцэны з бюргерскага і традыц. сялянскага побыту (Л.​Кнаўс, Б.​Вацье).

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТЭКТО́НІКА (ад неа... + тэктоніка),навейшая тэктоніка, раздзел тэктонікі, які вывучае тэктанічныя працэсы і створаныя імі структуры, што праявіліся ў 2-й пал. кайназойскай эратэмы (групы). Тэрмін «Н.» прапанаваў У.​А.​Обручаў (1948), «навейшая тэктоніка» — С.​С.​Шульц (1937). Некаторыя ідэі па Н. ёсць у працах М.​В.​Ламаносава, іх развівалі рас. геолагі М.​А.​Галоўкінскі, А.​П.​Карпінскі, Ф.​Ю.​Левінсон-Лесінг, А.​П.​Паўлаў, Г.​Ф.​Мірчынк, Обручаў, А.​Дз.​Архангельскі, М.​І.​Нікалаеў, Шульц і інш. Лічыцца, што навейшая актывізацыя тэктанічных рухаў, з якімі звязана ўтварэнне сучаснага рэльефу зямной паверхні, адбываецца з позняга алігацэну. Сучасныя тэктанічныя рухі вывучаюць пераважна метадамі паўторнага нівеліравання і трыянгуляцыі, больш стараж. неатэктанічныя — паводле залягання і структуры кайназойскіх адкладаў, звестак аб перамяшчэнні берагавой лініі марскіх і інш. вадаёмаў, асаблівасцях даліннай і рачной сеткі, дэфармацыях паверхняў выраўноўвання, сейсмічных, гідрагеал., аэракосмагеал. і інш. матэрыялаў. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры прагнозе землетрасенняў, выяўленні радовішчаў нафты, газу, каменнай солі і інш., буд-ве плацін, чыгунак, нафта- і газаправодаў, атамных эл. станцый і інш.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАПАЛІТЫ́ЗМ (ад грэч. kosmopolitēs грамадзянін свету),

ідэалогія т. зв. сусветнага грамадзянства; тэорыя, якая адмаўляе нац. традыцыі і культуру, дзярж. і нац. суверэнітэт у імя адзінства ўсяго чалавецтва. Канкрэтныя гіст. ўмовы вызначалі спецыфіку ідэй К. на розных этапах гіст. развіцця. К. кінікаў Антысфена і Дыягена Сінопскага адлюстроўваў адмоўнае стаўленне да поліса. Касмапалітычныя погляды кірэнаікаў выражаліся ў словах «ubi bene, ibi patria» («дзе добра, там і айчына»). Філасофія стаіцызму разглядала ўсіх людзей як грамадзян адзінай сусв. дзяржавы — Касмаполіса. Ідэал сусв. грамадзянства перыяду Адраджэння быў накіраваны супраць феад. раздробленасці дзяржаў (Дантэ, Т.​Кампанела), а асновай касмапалітычных поглядаў эпохі Асветніцтва служылі ідэі вызвалення індывіда ад феад. путаў (Ф.​Петрарка, Ф.​Рабле, М.​Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі і інш.). Г.​Лесінг, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, І.​Кант, І.​Фіхтэ лічылі, што ідэя сусв. грамадзянства закладзена ў прыродзе чалавека і ажыццяўляецца на аснове развіцця навукі і маральнага ўдасканальвання чалавека. Шырокае распаўсюджанне ідэі К. атрымалі ў 20 ст. ў выніку паглыблення ўзаемасувязі і ўзаемаўплыву нац. культур, нарастання глабальных праблем, звязаных з існаваннем усяго чалавецтва. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе разнастайных сац.паліт. арыентацый — ад сцвярджэння ідэі неабходнасці збліжэння народаў і дзяржаў (напр., ідэя стварэння сусв. дзяржавы або сусв. федэрацыі дзяржаў) да адмаўлення незалежнасці, нац. культуры і традыцый народаў.

т. 8, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),

адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць АрыстафанаСтараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.​М.​Плаўт і П.​Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона (Іспанія), У.​Шэкспіра (Англія), Н.​Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян. камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.​Бамаршэ (Францыя), Г.​Лесінг (Германія), Г.​Філдынг і Р.​Шэрыдан (Англія), К.​Гальдоні і К.​Гоцы (Італія), Дз.​Фанвізін, І.​Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.​Грыбаедаў, М.​Гогаль, А.​Астроўскі, А.​Сухачо-Кабылін, Л.​Талстой, М.​Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.​Шоу, «К. настрояў» А.​Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.​Брэхта, І.​Л.​Караджале, А.​Фрэдра, Б.​Нушыча, К.​Чапека, Л.​Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.​Ануя, Э.​Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.​Маякоўскага, М.​Булгакава, М.​Пагодзіна, А.​Карнейчука, В.​Розава і інш.

На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам ў гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел. прафес. драматургію («Камедыя» К.​Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.​Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.​Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.​Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.​Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.​Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.​Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.​Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.​Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.​Махнач, А.​Рылько, В.​Зуб, У.​Няфёд, Н.​Гілевіч, Г.​Марчук і інш.).

Літ.:

Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;

М., 1964;

Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;

Саннікаў АК. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1973.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)