ЛЕМУ́РАВЫЯ (Lemuridae),

сямейства паўмалпаў. Вядомыя з плейстацэну і галацэну в-ва Мадагаскар. Пашыраны на в-ве Мадагаскар і суседніх астравах. 14(16) відаў з 6 родаў; макі, або звычайныя лемуры (Lemur), паўмакі, або лагодныя лемуры (Hapalemur), танкацелыя макі, або ласкападобныя лемуры (Lepilemur), пацучыныя макі, або карлікавым лемуры (Cheirogaleus), мышыныя макі, або лемуры (Microcebus), вілаватапалосыя лемуры (Phaner). Жывуць у лясах на дрэвах, некат. на зямлі. Трымаюцца паасобку, парамі, невял. групамі або статкамі (да 20 асобін). Карлікавыя і мышыныя лемуры ў засушлівы сезон упадаюць у спячку. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 50 см, хваста да 51 см. Валасяное покрыва густое, чорнае, бурае, шэрае або рыжаватае, можа адрознівацца ў самцоў і самак. На хвасце часам чаргуюцца светлыя і цёмныя папярочныя палоскі. Вочы збліжаныя, вялікія. Селяцца ў дуплах або робяць гнёзды з лісця і травы. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.

Да арт. Лемуравыя. Лемур.

т. 9, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎМА́ЛПЫ (Prosimii),

падатрад млекакормячых атр. прыматаў. Вядомы з эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 45 млн. г. назад). 6 сям.: лемуравыя, тупаевыя, даўгапятавыя (Tarsiidae), індрыевыя, або індрызідавыя (Indrisidae), лорыевыя, або лорызідавыя (Lorisidae), руканожкавыя (Daubentoniidae). 24 роды, 53 віды. Пашыраны ў трапічных лясах Афрыкі, в-ва Мадагаскар, Паўд.-Усх. Азіі, Малайскага архіпелага. Жывуць на дрэвах невял групамі, парамі або паасобна. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж цела да 106 см, хвост у некат. відаў можа быць удвая даўжэйшы. Заднія канечнасці ў большасці даўжэйшыя за пярэднія. Поўсць густая, мяккая. часта яркіх адценняў. Вочы вялікія. Мозг з малой колькасцю баразён і звілін, вял. паўшар’і ўкрываюць мазжачок няпоўнасцю. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.

А.​М.​Петрыкаў.

Паўмалпы: 1 — лоры тоўсты; 2 — лоры тонкі; 3 — пота; 4 — лемур мышыны; 5 — даўгапят філіпінскі; 6 — тупайя звычайная.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДАГАСКА́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ Займае востраў Мадагаскар і шэраг архіпелагаў і астравоў Індыйскага акіяна: Каморскія, Маскарэнскія, Сейшэльскія і інш. Уваходзіць у царства Палеагею (гл. Царствы біягеаграфічныя).

У флоры больш за 8,5 тыс. відаў раслін. Найб. пашыраны архідныя (больш за 900 відаў), бамбукі, пальмы. Шмат эндэмікаў з кветкавых раслін (эндэмічных 6—9 сямействаў). Тыповыя віды-эндэмікі — «дрэва падарожнікаў», сейшэльская пальма. Фауна з ранняга неагену развівалася самастойна ад інш. біягеаграфічных абласцей, найб. звязана з фаунай Афрыкі, але некат. віды сведчаць пра стараж. сувязі з Паўд. Азіяй і Амерыкай. 4 атрады нелятаючых млекакормячых, усе віды якіх эндэмічныя: віверавыя, прыматы (лемуравыя, індры, ай-ай), тэнрэкі, хамякі мадагаскарскія. Астатнія млекакормячыя — перасяленцы з Афрыкі (кажаны, кісцявухія свінні, пацукі, мышы). З птушак 50% відаў — эндэмікі (вангавыя, курапаткі пастушковыя, філяпітавыя). З паўзуноў геконы, кракадзілы (нільскі), хамелеоны, чарапахі (сухапутныя і бакашыйныя). Усе земнаводныя адносяцца да жаб (каля 150 відаў, большасць эндэмічныя). З рыб трапляецца некалькі солетрывалых відаў (хромісы, карпазубыя і інш.). З беспазваночных большасць відаў паходзіць з Афрыкі, эндэмікаў мала (некат. скарпіёны і інш).

Да арт. Мадагаскарская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — лемур мышыны; 2 — лемур вары; 3 — ай-ай; 4 — голуб маўрыкійскі; 5 — пустальга маўрыкійская; 6 — пастушок мадагаскарскі; 7 — ілжэнектарніца драбнадзюбая; 8 — удаў драўляны.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)