Абстракцыя лексічная 3/600
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСКРЫ́ПТАР (позналац. descriptor ад describo апісваю),
лексічная адзінка (слова ці словазлучэнне) інфарм.-пошукавай мовы ў ЭВМ. Апісвае асн. сэнсавы змест дакументаў, структуру даных або праграму; служыць таксама для фармулявання інфарм. запыту пры пошуку дакументаў у інфарм.-пошукавай сістэме (гл. Інфармацыйны пошук). У якасці Д. можна выбраць любое (звычайна найб. характэрнае) ключавое слова (групу слоў) ці лічбавы код. Мнагазначным словам адпавядае некалькі Д., сінонімам — адзін Д.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМЕ́НКА (Ганна Пятроўна) (н. 10.3.1932, г.п. Арлоўка Кемінскага р-на, Кыргызстан),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1980), праф. (1981). Скончыла Кіргізскі ун-т (1953). Настаўнічала. З 1966 працавала ў БДУ, з 1967 выкладае ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це. Даследуе англ. лексікалогію і псіхалінгвістыку. Аўтар навук. прац «Пытанні псіхалінгвістычнага вывучэння семантыкі» (1970), «Лексічная сістэмнасць і яе псіхалінгвістычнае вывучэнне» (1974), «Псіхалінгвістыка» (1982), вучэбна-метадычнага дапаможніка па псіхалінгвістычных метадах вывучэння семантыкі (1986) і інш.
Тв.:
Некаторыя псіхалінгвістычныя асаблівасці беларуска-рускага двухмоўя (разам з А.Я.Супруном) // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982;
Сопоставительная лексикология английского и русского языков. Мн., 1986 (у сааўт.).
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,
пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЫГМА́ТЫКА,
1) адзін з двух аспектаў сістэмнага даследавання мовы, які проціпастаўляецца сінтагматыцы, — вывучэнне элементаў мовы і класаў гэтых элементаў, што знаходзяцца ў адносінах проціпастаўлення, выбару аднаго з узаемавыключальных элементаў.
2) Вучэнне пра будову і структуру парадыгмаў розных тыпаў, іх класіфікацыю, а таксама аб’яднанне ў больш складаныя адзінствы.
Парадыгматычныя адносіны праяўляюцца ў парадыгматычным проціпастаўленні (тоеснасці і адрозненні, проціпастаўленасці і ўзаемазамяняльнасці) моўных адзінак. Яны будуюцца на розных відах падабенства (сувязі) паміж моўнымі адзінкамі: фармальнага («снег», «снега», «снегу», «снег», «снегам», «снезе» — марфал. парадыгма), фармальна-семантычнага («выкладчык», «дарадчык», «аб’ездчык», «разведчык» — словаўтваральная парадыгма на падставе агульнасці суфікса і яго значэння «вытворца дзеяння»), семантычнага («ісці», «крочыць», «шыбаваць», «дыбаць», «цягнуцца» — лексічная парадыгма на падставе агульнага значэння «ісці»), У некат. кірунках сучаснай лінгвістыкі П. разглядаецца як сістэма мовы, а сінтагматыка — як рэалізацыя гэтай сістэмы ў працэсе пабудовы выказвання (тэксту).
Літ.:
Степанов Ю.С. Методы и принципы современной лингвистики. М., 1975.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)