ЛЕ́ЙТЭ (Leyte),

востраў у Філіпінскім архіпелагу. Пл. 7,2 тыс. км². Даўж. з Пн на Пд 183 км. Нас. (з бліжэйшымі астравамі) каля 3 млн. чал. (1977). Рэльеф пераважна нізкагорны, ёсць патухлыя вулканы (г. Лобі, выш. да 1350 м). Складзены з пясчанікаў, сланцаў і каралавых вапнякоў, на У з алювіяльных адкладаў. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Ападкаў да 2000 мм за год. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы. Нац. паркі — Махагнао-Волькана, Куапніт-Балінсасаяо. Вырошчваюць какосавыя пальмы, цукр. трыснёг. Гал. горад і порт — Таклобан.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МАР (Samar),

гарысты востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 13,4 тыс. км² (з прылеглымі дробнымі астравамі). Горы, выш. да 896 м, складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і вапнякоў. Уздоўж узбярэжжаў — алювіяльныя нізіны, у прыбярэжнай зоне — каралавыя рыфы. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў 2500—3500 мм за год, у кастр.—снеж. частыя тайфуны. Вільготныя трапічныя лясы. Радовішчы медных руд. Вырошчванне какосавай пальмы, абакі, рысу, кукурузы. Асн. гарады — Кальбаёг, Катбалоган, Катарман. Злучаны паромам з в-вам Лусон, мостам з в-вам Лейтэ.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)