ПРЫБЫЛО́ВА АСТРАВЫ́,
група вулканічных астравоў у Берынгавым м. У складзе штата Аляска (ЗША). Пл. каля 200 км². Выш. да 300 м. Скалістыя, укрытыя лугава-тундравай расліннасцю. Лежбішча коцікаў (фауністычны рэзерват). Пушны промысел. Названы імем рус. мараплаўца Г.Л.Прыбылова, які адкрыў астравы ў 1788.
т. 13, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГІЧАВА АСТРАВЫ́,
астравы каля выхаду з Хатангскага заліва м. Лапцевых, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Складаюцца з а-воў В. Бегічаў (пл. каля 1,8 тыс. км², выш. да 201 м) і М. Бегічаў. Паверхня паката-ўзгорыстая раўніна з тундравай расліннасцю. Промысел пясцоў і паўн. аленяў. Лежбішча маржоў. Адкрыты ў 1908 рус. падарожнікам Н.А.Бегічавым.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ СА́НДВІЧАВЫ АСТРАВЫ́ (South Sandwich Islands),
група вулканічных астравоў на Пд Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 300 км². Выш. да 1372 м (г. Белінда на в-ве Монтаг’ю). Складзены ў асн. з маладых вулканічных парод: базальтаў, туфаў, попелу. Укрыты снегам і лёдам. Дзеючыя вулканы. Лежбішча цюленяў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй. Дж. Кука, памылкова былі прыняты за выступ вялізнай сушы і названы Зямлёй Сандвіча, у гонар першага лорда Адміралцейства.
т. 12, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы мораў Карскага і Лапцевых, тэр. Расіі. Ад мацерыка аддзелена пралівам Вількіцкага. Пл. каля 37,6 тыс. км². Уключае 4 вял. астравы — Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Бальшавік, Камсамолец, Піянер — і шмат дробных. Берагі месцамі скалістыя і стромкія, парэзаны глыбокімі фіёрдамі. У рэльефе вылучаюцца прыледавіковыя плато, узвышаныя раўніны, тэрасаваныя прыбярэжныя раўніны. Каля 1/2 пл. ўкрыта ледавіковымі купаламі і шчытамі (выш. да 965 м). Складзена пераважна з асадкавых (пясчанікі, сланцы, даламіты, мергелі) і вывергнутых (дыябазы, граніты) парод. Клімат суровы, арктычны. Сярэднія месячныя т-ры зімой ад -28 да -33 °C, летам 0,5—1,6 °C. Ападкаў 150—400 мм за год. Пераважае арктычная пустыня з плямамі мохава-лішайнікавай расліннасці. У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Лежбішча нерпы, грэнландскіх цюленяў, маржоў, бялухі. Птушыныя «кірмашы». Астравы адкрыты экспедыцыяй Б.А.Вількіцкага ў 1913, даследаваны экспедыцыяй Г.А.Ушакова і М.М.Урванцава ў 1930—32.
т. 12, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)