ФЛЕКСУ́РА (ад лац. flexura выгін, скрыўленне) у геалогіі, тэктанічная структура з прыступкападобным выгінам слаёў горных парод на фоне іх гарыз. або монаклінальнага залягання. Памеры ад доляў метра да некалькіх кіламетраў. Нахіл крылаў ад ледзьве прыкметнага да вертыкальнага. Вял. Ф. трапляюцца на перыферыі платформ і на бартах сінекліз. Уплываюць на размеркаванне фацый і магутнасцей асадкавых тоўшчаў, часам з імі звязаны нафтавыя радовішчы.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. audire чуць + ...метрыя), акуметрыя,

вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100 да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)