Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАКО́Л,
судна, якое пракладвае шлях іншым суднам у льдах замярзаючых басейнаў і служыць для падтрымання навігацыі. Ламае лёд масай свайго корпуса пры напаўзанні нахіленай насавой ч. на край ільдзіны. Ахова корпуса ад бакавога сціскання забяспечваецца яго спец. формай і павышанай трываласцю, засцярога вінтоў і рулёў — вял. асадкай.
Л. бываюць марскія, у т. л. лінейныя (для далёкіх пераходаў у арктычных морах, даўж. да 150 м, водазмяшчэнне да 23,5 тыс.т), азёрныя і рачныя. Першы ў свеце арктычны Л. «Ермак» пабудаваны ў 1899 пад кіраўніцтвам С.В.Макарава. Найб. магутныя сучасныя Л. — атамныя ледаколы. Ледакольныя флаты маюць Расія, ЗША, Канада, Швецыя, Фінляндыя.
Літ.:
Белкин С.И. Сокрушающие лед. М., 1983;
Безопасность плавания во льдах. М., 1993.
Спосабы разбурэння ледзянога покрыва ледаколам: 1, 2 — з дапамогай крэну корпуса; 3, 4 — з дапамогай насавой баластнай цыстэрны (у яе перапампоўваецца паліва з кармавой цыстэрны пасля насоўвання носа карабля на лёд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.
Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс.т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс.т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).
Атамны ледакол «Арктыка»: асноўныя пазіцыі пры наступленні ледакола на льды (схемы): 1 — напаўзанне на льдзіну; 2 — працісканне; 3 — наступнае напаўзанне.Да арт.Атамны ледакол. Схема энергетычнай устаноўкі і размяшчэння яе асноўных агрэгатаў на ледаколе «Арктыка»: 1 — дыферэнтная цыстэрна; 2 — аддзяленне грабных электрарухавікоў; 3 — кармавая электрастанцыя; 4 — памяшканне атамнай параўтваральнай устаноўкі; 5 — аддзяленне галоўных турбагенератараў; 6 — аддзяленне дапаможных механізмаў; 7 — грабныя вінты; 8 — сярэдні электрарухавік; 9 — бартавыя электрарухавікі; 10 — электрашчыт; 11 — электрагенератары; 12 — турбіна; 13 — помпы; 14 — парагенератар; 15 — стабілізатар ціску; 16 — атамны рэактар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМАХО́Д,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай. Першы атамаход — ледакол «Ленін», пабудаваны ў б.СССР у 1959, у ЗША — грузапасажырскае судна «Саванна» (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС,
пункт, у якім уяўная вось вярчэння Зямлі перасякае яе паверхню ў Паўн. паўшар’і. Размешчана ў цэнтр.ч.Паўн. Ледавітага ак., дзе глыб. перавышае 4000 м. Круглы год у раёне П.п. дрэйфуюць магутныя шматгадовыя пакавыя льды. Сярэдняя т-ра зімой каля -40 °C, летам пераважна каля 0 °C. Палярны дзень доўжыцца 189 сут., палярная ноч — 176 сут. Першым П.п. ў 1909 дасягнуў Р.Э.Піры. У 1937 у раёне П.п. арганізавана н.-д. дрэйфуючая сав. станцыя «Паўночны Полюс-1» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. У 1958 пад П.п. прайшла амер. атамная падводная лодка «Науцілус». У 1977 П.п. дасягнуў атамны ледакол «Арктыка». Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.