ЛЕГА́Т (ад лац. legatus пасол),
1) у Старажытным Рыме прызначаны сенатам пасол ці ўпаўнаважаны, які выконваў паліт. даручэнне. У перыяд позняй рэспублікі Л. наз. памочнікаў палкаводцаў і намеснікаў у правінцыях. Пры Юлію Цэзару Л. камандавалі легіёнамі. У час імперыі Л. — намеснікі ў імператарскіх правінцыях, валодалі консульскай уладай.
2) Л. папскі — тытул вышэйшага дыпламат. прадстаўніка папы рымскага. Упершыню сталі прызначацца ў 6 ст. У каталіцкай царкве існуе некалькі відаў Л.
3) У грамадз. праве Л. — завяшчальная адмова (лац. legatum), ускладанне на спадчынніка паводле завяшчання выканання якіх-н. абавязацельстваў на карысць якіх-н. асоб.
т. 9, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГА́Т (Мікалай Густававіч) (27.12.1869, Масква — 24.1.1937),
расійскі артыст балета, педагог, балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1888), выкладаў у ім у 1896—1914. З 1888 вядучы класічны танцоўшчык, з 1910 гал. балетмайстар Марыінскага т-ра. Валодаў бездакорнай тэхнікай і акцёрскім дараваннем. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Арлекін, Лука («Арлекінада», «Чароўная флейта» Р.Дрыга), Франц («Капелія» Л.Дэліба). З 1922 у эміграцыі. Выкладаў у трупе Рускі балет Дзягілева (1925—26). Адкрыў школу ў Лондане (1923). Сярод вучняў: Г.Паўлава, М.Фокін, Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, А.Ваганава, Ф.Лапухоў, М.Фантэйн і інш. Аўтар кн. «Апавяданне пра рускую школу» (1932), альбома «Рускі балет у карыкатурах» (1903, з С.Легатам).
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч. 1]. Хореографы. Л., 1971;
Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.
т. 9, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (Alexander; свецкае Раланда Бандынелі; Rolando Bandinelli; ? — 30.8.1181),
папа рымскі з 1159. Юрыст і тэолаг, праф. кананічнага права ў Балонні. Папскі легат у Германіі, з 1153 папскі канцлер. Імкнуўся да верхавенства ўлады папства. З гэтай мэтай вёў паспяховую барацьбу з імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам з дапамогай Ламбардскай лігі. Асудзіў англ. караля Генрыха II за забойства Т.Бекета (1170) і прымусіў яго прызнаць уладу папаў.
т. 1, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́НІЙ Малодшы,
Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял. гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.
Тв.:
Рус. пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.
Літ.:
Соколов В.С. Плиний Младший. М., 1956.
т. 12, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРТО́РЫЙ (Квінт) (Quintus Sertorius, каля 122—72 да н.э.),
рымскі палкаводзец. Удзельнік войнаў супраць кімвраў і тэўтонаў (105, 102), легат у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., прыхільнік Марыя і Цыны ў іх барацьбе з Сулам у час грамадз. войнаў 88—82 да н.э. У 83—81 да н.э. прэтар Блізкай Іспаніі (рым. правінцыя на ўсх. узбярэжжы Іспаніі). З 80 да н.э. ўзначаліў барацьбу іберыйскіх плямён супраць Рыма, ператварыў Іспанію ў цэнтр антысулаўскай апазіцыі. Аб’яднаў пад сваёй уладай амаль усю Іспанію, атрымаў шэраг перамог над рым. палкаводцамі Метэлам і Гнеем Пампеем. Забіты змоўшчыкамі з ліку сваіх прыбліжаных, якія шукалі прымірэння з Рымам.
т. 14, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТ ВЯЛІ́КІ (Albertus Magnus),
Альберт фон Бальштэт (Albert von Bollstädt; каля 1193, Лаўінген — 15.11.1280), нямецкі філосаф, тэолаг, прыродазнавец. Манах-дамініканец, епіскап Рэгенсбурга, папскі легат, арганізатар крыжовага паходу на тэр. Германіі. Вучыўся ў Падуі, Балонні. Выкладаў у Парыжы, Кёльне і інш.; настаўнік Фамы Аквінскага. Вывучаў анатомію, эмбрыялогію, батаніку, заалогію, хімію, касмалогію, оптыку. У сваіх творах даў энцыклапедычны агляд дасягненняў тагачаснай навукі. Увёў ва ўжытак сярэдневяковай філасофіі і навукі працы Арыстоцеля, якія выклаў і пракаменціраваў з пазіцый хрысціянскай тэалогіі. Сцвярджэнне пра стварэнне матэрыі і часу дало Альберту Вялікаму магчымасць узаконіць у рамках схаластыкі арыстоцелеву фізіку з яе вучэннем пра неперарыўнасць матэрыі як асновы змены. Поруч з сістэматызатарскай працай у галіне прыродазнаўства праводзіў уласныя даследаванні. Аўтар філас. прац («Сума тэалогіі» і інш.) і прыродазнаўчанавук. трактатаў. У 1931 кананізаваны каталіцкай царквой.
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),
канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд. Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах. царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,
заваяваныя Рымам па-за межамі Італіі тэрыторыі, якімі кіравалі рымскія намеснікі. Пасля 1-й Пунічнай вайны першымі Р.п. сталі Сіцылія (з 241 да н.э.), Корсіка і Сардзінія (з 227 да н.э.). У канцы эпохі рэспублікі іх было каля 20, у эпоху імперыі — каля 50. У эпоху рэспублікі Р.п. лічыліся ўласнасцю рым. народа. Значная ч. зямлі адбіралася ў мясц. насельніцтва і перадавалася ў надзелы рым. каланістам (гл. Агер публікус). Жыхары Р.п. павінны былі ўтрымліваць рым. намеснікаў і войска. Кіравалі правінцыямі былыя консулы (праконсулы) і б. прэтары (прапрэтары). У 27 да н.э. Р.п. падзелены на сенацкія і імператарскія. Сенацкую звычайна ўзначальваў праконсул са штогадовым тэрмінам замяшчэння, імператарскую, дзе знаходзіліся рым. войскі, — легат консульскага (Р.п. з 2 і больш легіёнамі) ці прэтарскага рангу, а таксама прэфект з коннікаў (пазней, акрамя Егіпта, наз. пракуратар). З сярэдзіны 2 ст. н.э. неафіцыйна ўзнік тытул «прэзес» (praeses), які на працягу 3 ст. ператварыўся ў афіц. тытул намесніка Р.п. з коннікаў ці сенатараў. Даходы з Р.п. складалі асн. крыніцу багацця рым. дзяржавы. Іх спагнанне ў перыяд рэспублікі знаходзілася ў руках прыватных адкупшчыкаў (публіканаў), ад якіх вельмі пакутавала насельніцтва Р.п. У імператарскую эпоху ўведзена дзярж. кіраванне фінансамі, што крыху палегчыла становішча насельніцтва. У 212 большасць жыхароў Р.п. атрымала правы рым. грамадзян. Паводле рэформ Дыяклектыяна і Канстанціна I Р.п. былі разбуйнены, іх колькасць патроілася, асобныя правінцыі былі аб’яднаны па 12—15 у дыяцэзы пад уладай аднаго вікарыя. Межы новага адм.-тэр. падзелу не супадалі з межамі Р.п.
Літ.:
Кудрявцев О.В. Эллинские провинции Балканского полуострова во 11 в. н. э. М., 1954.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)