ВАНУ́А-ЛЕ́ВУ

(Vanua Levu),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у Меланезіі, у групе а-воў Фіджы. Пл. 5,5 тыс. км². Гарысты (выш. да 1031 м); патухлыя вулканы. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны вільготны. Вільготныя трапічныя лясы, участкі саваннаў. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу, бананаў, бавоўніку, какосавых пальмаў. Лесанарыхтоўкі. Гал. горад — Ламбаса. Адкрыты галандскім мараплаўцам А.Тасманам у 1643.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІ-ЛЕ́ВУ

(Viti Levu),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы буйны з а-воў Фіджы. Пл. 10,5 тыс. км². Выш. да 1322 м. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены са складкавых крышт. парод, перакрытых лавамі. Захаваліся вулканічныя конусы, якія ўтвараюць гарысты рэльеф. Клімат трапічны вільготны. Трапічныя вільготныя лясы, на падветраных схілах — саванны. Здабыча золата, марганцавых руд; лесараспрацоўкі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы, бавоўнік, какосавыя пальмы. Аэрапорт. Турызм. Лясны парк Тхалаісува. Гал. горад і порт — Сува.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЧА́Р

(Antiaris),

род кветкавых раслін сям. тутавых. 6 відаў. Растуць у тропіках Азіі, Афрыкі і на трапічных а-вах. Найб. вядомы анчар ядавіты (A. toxicaria), або упас-дрэва з в-ва Ява.

Аднадомныя шматгадовазялёныя дрэвы або кусты. Лісце чаргаванае простае. Кветкі непрыкметныя, аднаполыя, мужчынскія ў невялікіх плоскіх галоўчатых суквеццях, жаночыя — адзіночныя беспялёсткавыя, з маленькай чашачкай. Плод складаны або зборны (суплоддзе) з мноствам дробных плодзікаў, якія шчыльна сядзяць і абгорнуты сакавітым калякветнікам. Усе віды анчара ядавітыя. У млечным соку анчара ядавітага, які абарыгены выкарыстоўваюць для атручвання наканечнікаў стрэл, знаходзяцца ядавітыя гліказіды — антыярын і антыязідзін. Анчар Бенета (A. bennettii) з в-ва Віты-Леву мае ў пладах кармінавую фарбу, у кары — лубяныя валокны; з валокнаў анчара мяшочнага (A. saccodora) і анчара цэйлонскага (A. ceylonica) вырабляюць мешкавіну. Сок і насенне розных відаў анчара ўжываюць як ірвотны і слабіцельны сродак.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)