Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ВЫЯ (Chenopodiaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку гваздзіковых. Больш за 100 родаў, каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна па засоленых месцах ва ўмераным і субтрапічным паясах. Найб. вядомыя роды бурак, вярблюдка, лебяда, лябеднік, салянка, шпінат, хрупляўнік і інш. Трапляюцца на палях, агародах, каля пабудоў, уздоўж дарог.
Пераважна шматгадовыя травы і кусцікі, часта з членістымі сукулентнымі сцёбламі і галінкамі, радзей невял. дрэўцы, кусты і ліяны. Лісце чаргаванае і суцэльнае, бывае рэдукаванае (фотасінтэз ажыццяўляюць сцёблы). Кветкі дробныя, двухполыя ці аднаполыя, беспялёсткавыя ў шчыльных густых клубочках, сабраных у суквецці. Ветра- і насякомаапыляльныя, часта самаапыляльныя. Сярод Л. — харч. (бурак, шпінат), кармавыя (лябеднікі і інш.), пашавыя (вярблюдкі, кохіі, кумарчыкі, салянкі і інш.), лек. (лебяда), фарбавальныя (лебяда, лябеднік), інсектыцыдныя (ітсегек, лебяда) расліны, замацавальнікі пяскоў (саксаул, салянкі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫСПЕ́РМ (ад перы... + сперма),
назапашаная пажыўная тканка насення раслін, якая ўжываецца зародкам пры прарастанні. У адрозненне ад эндасперму развіваецца з нуцэлуса і мае клеткі з падвоеным (дыплоідным) наборам храмасом. Характэрны для шэрагу кветкавых раслін (напр., гваздзіковыя, лебядовыя, марэнавыя). Наяўнасць П., як і эндасперму, лічыцца прымітыўнай адзнакай, бо зародак у большай ступені залежыць ад навакольных тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЫ́НЯ,
занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл.Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч.тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт.Пустынныя зоны.