Леахар 4/66; 9/560

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАХА́Р (Leochares),

старажытнагрэчаскі скульптар сярэдзіны 4 ст. да н.э.; прадстаўнік позняй класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Галікарнасе (са Скопасам), пры двары Аляксандра Македонскага. Сярод вядомых твораў: скульпт. група «Аляксандр на львіным паляванні», статуі цароў македонскай дынастыі, выкананыя ў тэхніцы хрыса-элефантнай скульптуры (золата са слановай косцю). Яму прыпісваюць статуі «Артэміда Версальская», «Апалон Бельведэрскі», «Ганімед» (захаваліся ў рым. копіях).

Леахар. Апалон Бельведэрскі. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́Н, Феб,

у грэчаскай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў. Сын Зеўса і Леты, брат-блізня Артэміды. У выяўл. мастацтве Апалон паказваўся прыгожым юнаком з лукам і стрэламі ці з кіфарай у руках. Валодаў дарам прадбачання і надзяляў ім людзей. У гонар перамогі Апалону над драконам-пачварай Піфонам каля Дэльфаў пабудаваны Дэльфійскі храм, дзе адбываліся святкаванні ў гонар Апалона (Піфійскія гульні). Былі шматлікія свяцілішчы Апалона, найб. вядомыя ў Дэльфах і на в-ве Дэлас. Міф аб Апалоне натхняў ант. скульптараў, жывапісцаў А.Мантэнья, Рафаэля, Джарджоне, кампазітараў І.С.Баха, В.А.Моцарта, І.Стравінскага і інш.

Да арт. Апалон. Апалон Бельведэрскі. Скульпт. Леахар. 350 — 330 да н.э. Рымская копія.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭМІ́ДА,

у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.П.Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.Бакачыо, Г.Гейнэ і інш.

Да арт. Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІКАРНА́С (грэч. Halikarnassos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бадрум, Турцыя). Засн. каля 1200 да н.э., росквіту дасягнуў пры ўладару Маўсоле (377/376—353/352 да н.э.), калі стаў сталіцай Карыі (гіст. вобласць на ПдЗ М. Азіі). У 334 да н.э. заваяваны і зруйнаваны Аляксандрам Македонскім, але паступова быў адноўлены. У 129 да н.э. ўключаны ў рым. правінцыю Азія. Пад назвай Галікарнас вядомы да 15 ст. Размяшчаўся на схіле ўзгорка і спускаўся да заліва. На вяршыні ўзгорка знаходзіўся акропаль (захаваліся рэшткі збудаванняў): храмы Арэса, Гермеса і Афрадыты, т-р, палац Маўсола. Славуты Галікарнаскі маўзалей (манум. грабніца Маўсола; сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей і Сатыр, скульпт. Скопас, Брыяксіс, Цімафей, Леахар) спалучаў у сабе рысы стараж.-грэч. і малаазійскай архітэктуры. Лічыўся адным з «сямі дзівосаў свету». Зруйнаваны ў 15—16 ст. (вядомы гал. чынам па апісанні Плінія Старэйшага). Скульптура маўзалея (статуі Маўсола, яго жонкі Артэмісіі і асабліва рэльефы мармуровага фрыза з выявай бітвы грэкаў з амазонкамі) належыць да лепшых твораў грэч. мастацтва 4 ст. да н.э. На тэр. Галікарнаса захаваліся рэшткі стараж. ант. і візант. збудаванняў.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)