Леахар 4/66; 9/560

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАХА́Р (Leochares),

старажытнагрэчаскі скульптар сярэдзіны 4 ст. да н.э.; прадстаўнік позняй класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Галікарнасе (са Скопасам), пры двары Аляксандра Македонскага. Сярод вядомых твораў: скульпт. група «Аляксандр на львіным паляванні», статуі цароў македонскай дынастыі, выкананыя ў тэхніцы хрыса-элефантнай скульптуры (золата са слановай косцю). Яму прыпісваюць статуі «Артэміда Версальская», «Апалон Бельведэрскі», «Ганімед» (захаваліся ў рым. копіях).

Леахар. Апалон Бельведэрскі. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́Н, Феб,

у грэчаскай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў. Сын Зеўса і Леты, брат-блізня Артэміды. У выяўл. мастацтве Апалон паказваўся прыгожым юнаком з лукам і стрэламі ці з кіфарай у руках. Валодаў дарам прадбачання і надзяляў ім людзей. У гонар перамогі Апалону над драконам-пачварай Піфонам каля Дэльфаў пабудаваны Дэльфійскі храм, дзе адбываліся святкаванні ў гонар Апалона (Піфійскія гульні). Былі шматлікія свяцілішчы Апалона, найб. вядомыя ў Дэльфах і на в-ве Дэлас. Міф аб Апалоне натхняў ант. скульптараў, жывапісцаў А.​Мантэнья, Рафаэля, Джарджоне, кампазітараў І.​С.​Баха, В.​А.​Моцарта, І.​Стравінскага і інш.

Да арт. Апалон. Апалон Бельведэрскі. Скульпт. Леахар. 350 — 330 да н.э. Рымская копія.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭМІ́ДА,

у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.​Бакачыо, Г.​Гейнэ і інш.

Да арт. Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІКАРНА́С (грэч. Halikarnassos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бадрум, Турцыя). Засн. каля 1200 да н.э., росквіту дасягнуў пры ўладару Маўсоле (377/376—353/352 да н.э.), калі стаў сталіцай Карыі (гіст. вобласць на ПдЗ М. Азіі). У 334 да н.э. заваяваны і зруйнаваны Аляксандрам Македонскім, але паступова быў адноўлены. У 129 да н.э. ўключаны ў рым. правінцыю Азія. Пад назвай Галікарнас вядомы да 15 ст. Размяшчаўся на схіле ўзгорка і спускаўся да заліва. На вяршыні ўзгорка знаходзіўся акропаль (захаваліся рэшткі збудаванняў): храмы Арэса, Гермеса і Афрадыты, т-р, палац Маўсола. Славуты Галікарнаскі маўзалей (манум. грабніца Маўсола; сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей і Сатыр, скульпт. Скопас, Брыяксіс, Цімафей, Леахар) спалучаў у сабе рысы стараж.-грэч. і малаазійскай архітэктуры. Лічыўся адным з «сямі дзівосаў свету». Зруйнаваны ў 15—16 ст. (вядомы гал. чынам па апісанні Плінія Старэйшага). Скульптура маўзалея (статуі Маўсола, яго жонкі Артэмісіі і асабліва рэльефы мармуровага фрыза з выявай бітвы грэкаў з амазонкамі) належыць да лепшых твораў грэч. мастацтва 4 ст. да н.э. На тэр. Галікарнаса захаваліся рэшткі стараж. ант. і візант. збудаванняў.

Да арт. Галікарнас. Галікарнаскі маўзалей. Рэканструкцыя.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМ ДЗІВО́САЎ СВЕ́ТУ,

у антычным грамадстве вызначэнне 7 (у старажытнасці свяшчэнная лічба) твораў стараж. архітэктуры і скульптуры, найб. славутых сваімі маст. якасцямі, незвычайнымі памерамі і тэхн. вырашэннем. У іх склад уваходзілі: стараж.-егіпецкія піраміды каля г. Гіза, храм Артэміды ў Эфесе ў. Малой Азіі (цяпер Турцыя; каля 550 да н.э., шыр. 51 м, даўж. 105 м, 127 18-метровых калон, у 356 да н.э. спалены Герастратам), т. зв. вісячыя сады Семіраміды ў Вавілоне (7 ст. да н.э.), маўзалей Маўсола ў Галікарнасе (сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей, Сатыр), статуя Зеўсаў Алімпіі (каля 430 да н.э., скульпт. Фідый; выш. 12 м, аздоблена золатам і слановай косцю), Калос радоскі (статуя Геліяса) на в-ве Родас (Грэцыя; 292—280 да н.э., скульпт. Харас), Фароскі маяк у Александрыі (каля 280 да н.э., арх. Састрат Кнідскі; выш. 130 м). Да нашага часу захаваліся толькі піраміды. Каля г. Хіла (Ірак) знаходзяцца руіны скляпеністых збудаванняў, верагодна, на іх дахах разбіваліся тэрасныя сады Семіраміды. У Брыт. музеі (Лондан) захоўваюцца фрагменты скульптуры Галікарнаскага маўзалея (скульпт. Скопас, Цімафей, Брыяксіс, Леахар). Храм Артэміды (іанічны дыптэр) адбудаваны арх. Хейракратам, захаваліся фундаменты. Іншыя дзівосы свету вядомы па маст. выявах і апісаннях розных часоў.

Першае пісьмовае ўпамінанне пра С.дз.с. прыпісваецца фінікійскаму пісьменніку Антыпатру з Сідона (2 ст. да н.э.), які апісаў толькі існуючыя на той час творы (зруйнаваная Вавілонская вежа, прылічаная грэкамі да дзівосаў свету, не ўвайшла ў спіс С.дз.с.). У эпоху Адраджэння С.дз.с. апісаў аўстр. арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах у сваіх «Накідах пра гісторыю архітэктуры» (1721).

Літ.:

Федосик В.А. Семь чудес света. Мн., 2002.

Схема размяшчэння сямі дзівосаў свету: 1 — піраміды каля г. Гіза; 2 — храм Артэміды ў Эфесе; 3 — сады Семіраміды ў Вавілоне; 4 — маўзалей Маўсола ў Галікарнасе; 5 — статуя Зеўса ў Алімпіі; 6 — Калос радоскі на востраве Родас (Грэцыя); 7 — Фароскі маяк у Александрыі.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)