ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),

назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Лячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.

Да арт. Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Троіцка-Сергіева лаўра 6/604

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кіева-Пячэрская лаўра 1/242; 5/559; 6/604; 9/526

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Троіца-Сергіева лаўра

т. 15, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРА-НЕ́ЎСКАЯ ЛА́ЎРА ў Санкт-Пецярбургу,

помнік архітэктуры 18 ст. Засн. Пятром І у 1710 на ўшанаванне памяці Аляксандра Неўскага як манастыр; з 1797 лаўра (буйны мужчынскі праваслаўны манастыр). У арх. ансамбль лаўры ўваходзяць Благавешчанская царква (1717—22, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер), Фёдараўскі корпус з царквой (1740—50, арх. П.Трэзіні), Троіцкі сабор у стылі класіцызму (1776—90, арх. І.Староў) і інш. На тэр. лаўры створаны дзярж. запаведнік, дзе размешчаны Музей гар. скульптуры з некропалем 18 ст. (Лазараўскія могілкі з надмагільнымі помнікамі работы І.Мартаса, М.Казлоўскага і інш.) і некропалем майстроў мастацтваў (Ціхвінскія могілкі). У Аляксандра-Неўскай лаўры пахаваны М.В.Ламаносаў, А.В.Сувораў, М.М.Карамзін, І.А.Крылоў, П.І.Чайкоўскі, Ф.М.Дастаеўскі, М.І.Глінка і інш.

Благавешчанская царква Аляксандра-Неўскай лаўры.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎРЫ,

знак ці сімвал перамогі, трыумфу, славы. Паходзіць ад звычаю ў стараж. грэкаў і рымлян увенчваць пераможцаў вянком з лісця лаўра высакароднага.

т. 9, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФО́Н (Athōs),

Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус. св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Літ.:

Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.

Да арт. Афон. Комплекс манастыроў.
Да арт. Афон. Абраз з манастыра Заграфа.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (?—1088),

царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭА́Т (ад лац. laureatus увенчаны лаўрам),

асоба, якой прысуджана дзярж. або міжнар. прэмія, а таксама пераможца мастацкіх конкурсаў. Тэрмін «Л.» узнік у Стараж. Грэцыі, дзе ганаровым вянком з галінак лаўра ўзнагароджваліся пераможцы якіх-н. спаборніцтваў. Такі ж звычай існаваў у Стараж. Рыме. Звычай узнагароджваць пераможцаў лаўровым вянком захаваўся да цяперашняга часу. У Рэспубліцы Беларусь Л. называюць асоб, якім прысуджана дзярж. прэмія, а таксама пераможцаў конкурсаў музыкантаў, майстроў эстрады, спарт. спаборніцтваў і да т.п.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)