ЛАТА́К.

1) вадавод незамкнутага сячэння з безнапорным рухам вады. Вырабляецца з драўніны, металу, жалезабетону і інш.; укладваецца на паверхні зямлі або на эстакадзе. Выкарыстоўваецца ў гідраэнергетыцы, ірыгацыі.

2) Прыстасаванне ў выглядзе каўша ці ночваў для прамывання пароды пры разведачных работах.

3) Карыта з невял. жолабам у млыне для ссыпання збожжа ў жорны.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛКА,

машына для правяльвання і сушкі агародніны, садавіны, ягад, грыбоў, траў, а таксама насення агароднінных і інш. культур. Найб. пашыраны агароднінасушылкі камернага і стужкавага тыпаў. Крыніца цяпла — электранагравальнікі, паравыя каларыферы, паветранагравальнікі. Выкарыстоўваюцца пераважна стужкавыя агароднінасушылкі, у якіх нарэзаная агародніна на рухомай стужцы з дробнаячэйкавай сеткі высушваецца падагрэтым паветрам. Прадукцыйнасць прамысл. агароднінасушылкі да 0,2 т/гадз. Існуюць канструкцыі агароднінасушылак бытавых.

Схема агароднінасушылкі: 1 — загрузка матэрыялу; 2 — сушыльная стужка; 3 — награвальныя батарэі; 4 — выпускная труба; 5 — зборны дыфузар; 6 — прывадны барабан; 7 — нацяжны барабан; 8 — падача свежага паветра; 9 — выпуск матэрыялу; 10 — перапускны латак.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны і абсталяванне, якія выконваюць розныя тэхнал. аперацыі апрацоўкі драўніны або драўняных матэрыялаў. Падзяляюцца на дрэварэзальныя станкі (аснашчаюцца розным дрэварэзальным інструментам), гнутарныя, зборачныя, для нанясення клею, аддзелачныя станкі і прэсы.

На гнутарных станках загатоўкам надаюць пэўную форму без парушэння сувязей паміж часцінкамі драўніны (выгінаннем па шаблоне, з прапарваннем і праварваннем, з наступнай сушкай у замацаваным становішчы). Зборачныя станкі выкарыстоўваюць для злучэння (шыпамі, шрубамі, цвікамі і інш.) дэталей у вузлы і гатовыя вырабы (зборка рамак, корпусных вырабаў і інш.; гл. Шчытазборачныя станкі). Станкі для нанясення клею аснашчаюць клеемяшалкамі, упырсквальнымі механізмамі, клеенамазвальнымі вальцамі і інш. На аддзелачных станках рыхтуюць паверхню вырабаў (грунтуюць, шпаклююць, наносяць фарбу і тэкстурны рысунак), наносяць лакафарбавыя матэрыялы, шліфуюць і аздабляюць паверхню, робяць плёначныя і дэкар. пакрыцці. На прэсах вырабляюць шматслойную фанеру, драўнянастружкавыя пліты і інш. У дрэваапрацоўчай прамысловасці карыстаюцца таксама агрэгатнымі станкамі, станкамі-аўтаматамі і паўаўтаматамі, аўтам. і паўаўтам. станочнымі лініямі. Рабочыя органы Д.м. падзяляюцца на галоўныя (выконваюць прыёмы, якія вызначаюць працэс апрацоўкі, напр. рэзанне, падачу) і дапаможныя (выконваюць функцыі базіравання, напрамку, фіксацыі, пагрузачна-разгрузачныя, кантрольныя і інш.).

Літ.:

Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.

А.А.Барташэвіч.

Схемы дрэваапрацоўчых машын: а — даўбёжных станкоў (ланцуговафрэзернага і з гнездавой фрэзай); б — драбільных станкоў; в — шліфавальнага цыліндрычнага станка; г — гнутарнага станка (1 — шаблон, 2 — дэталь, 3 — шына, 4 — прасавальны ролік); д — вальцоў для нанясення клею (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць клей 3 на дэталь 4); е — прэса (1 — матрыца, 2 — пуансон, 3 — дэталі, якія склейваюцца); ж — вальцовага станка для нанясення лаку (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць лак на дэталь 3); з — лаканаліўной машыны (1 — транспарцёры, 2 — дэталь, 3 — лаканаліўная галоўка, 4 — слой лаку, 5 — лаказліўны латак).

т. 6, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)