ЛАПА́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА, лопасцевая машына,
механічная канструкцыя для пераўтварэння энергіі патоку вадкасці або газу ў энергію вярчальнага вала (гідраўлічная турбіна, газавая турбіна) ці наадварот (цэнтрабежная або восевая лопасцевая помпа, вентылятар).
Асн. рабочы орган Л.м. — рабочае кола, якое складаецца з лапатак, замацаваных на ўтулцы. Л.м. бываюць: адна- і шматступенныя; актыўныя і рэактыўныя (напр., актыўная турбіна, рэактыўная турбіна); восевыя, радыяльна-восевыя (дыяганальныя) і радыяльныя. Прынцып Л.м. вядомы са старажытнасці (паравая турбіна Герона Александрыйскага, рымскія гідраўл. турбіны), здаўна выкарыстоўваліся вадзяныя колы, ветрарухавікі. У канцы 19 ст. створаны восевы кампрэсар. Тэорыю Л.м. распрацоўвалі Л.Эйлер, М.Я.Жукоўскі і С.А.Чаплыгін.
т. 9, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ПАСЦЕВАЯ МАШЫ́НА,
тое, што лапатачная машына.
т. 9, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)