Лакаліт (геал.) 4/485 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),

грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл. Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).

Да арт. Лакаліт. Гара Аюдаг у Крыме.

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШТА́У,

пяцівяршынная гара-лакаліт на Паўн. Каўказе, у Расіі. Выш. 1400 м. Шыракалістыя лясы. Паблізу г. Пяцігорск, паміж Бештау і г. Жалезная курорт Жалезнаводск.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНАЯ ГАРА́ гара на Паўн. Каўказе, паблізу г. Пяцігорск, у Расіі. Выш. 852 м. Уяўляе сабой лакаліт, складзены трахіліпарытамі. Шматлікія выхады мінер. крыніц, на базе якіх узнік курорт Жалезнаводск. На схілах шыракалістыя лясы.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШУ́К,

купалападобная гара-лакаліт на Паўн. Каўказе, у раёне Каўказскіх Мінеральных Вод, у Стаўрапольскім краі, Расія. Выш. 993 м. Большая ч. схілаў укрыта шыракалістымі лясамі. Каля падножжа М. — выхады мінер. вод, на базе якіх узнік бальнеалагічны курорт Пяцігорск. Абеліск на месцы гібелі М.Ю.Лермантава. Турызм.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЮДА́Г (цюрк. Мядзведзь-гара),

гара-лакаліт і мыс на Паўд. беразе Крыма на Украіне. Замыкае з У Гурзуфскую бухту. Даўж. каля 3 км, выш. да 572 м. На стромкіх схілах разрэджаная ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Каля паўд.-зах. падножжа размешчаны міжнар. дзіцяча-юнацкі аздараўленчы лагер Артэк.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАКАЛІ́Т (ад гідра... + лакаліт),

купалападобнае ўзвышэнне з ледзяным ядром, разнавіднасць бугроў пучэння (выш. 30—40 м, дыяметр падэшвы 300—400 м). Утвараецца ў абласцях развіцця шматгадовамёрзлых горных парод у выніку павелічэння аб’ёму падземных вод пры іх замярзанні ва ўмовах гідрастатычнага напору. У Якуціі наз. булгунняхі, на Алясцы — пінга. На тэр. Беларусі гідракаліты ўтвараліся ў перыгляцыяльнай зоне мацерыковых зледзяненняў плейстацэну, рэшткі іх зрэдку трапляюцца на паверхні і ў пахаваным стане.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)