ЛА́ЗЕРНЫ ГІРАСКО́П,
гл. ў арт. Квантавы гіраскоп.
т. 9, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗДЫМА́ЛЬНІК,
адаптэр, прылада для электраакустычнага ўзнаўлення мех запісу гуку. Бывае п’езаэл. (найб. пашыраны), эл.-дынамічны, магн.-эл., эл.-магн., ёмістасны, фотаэл. і інш. Мае гукаўзнаўляльную галоўку і танарм, які перамяшчае галоўку адносна грампласцінкі па зададзенай траекторыі. У галоўцы гуказдымальніка мех. ваганні іголкі ў канаўках грампласцінкі пераўтвараюцца ў эл. напружанне гукавых частот (у лазерных гуказдымальніках замест іголкі выкарыстоўваецца лазерны прамень; гл. Кампакт-дыск).
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТААПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,
разнавіднасць аптычных дыскаў, дзе запіс інфармацыі ажыццяўляецца тэрмамагн. спосабам.
Пры запісе інфармацыі рухомы носьбіт лакальна награваецца лазерным выпрамяненнем, у зоне разагрэву каэрцытыўная сіла рабочага слоя рэзка змяншаецца (гл. Тэрмамагнітныя з’явы) і нагрэты ўчастак перамагнічваецца пад уздзеяннем слабога знешняга магн. поля. Пры ўзнаўленні адбіты ад М.д. палярызаваны лазерны прамень перыядычна паварочвае плоскасць палярызацыі на вугал, значэнне якога залежыць ад намагнічанасці рабочага слоя (гл. Кера эфект).
т. 9, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),
раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш. геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.
Я.І.Аношка.
т. 10, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ПІС ТЭЛЕВІЗІЙНЫХ СІГНА́ЛАЎ,
запіс відарысаў (напр., тэлепраграм) з мэтай іх захоўвання і наступнага ўзнаўлення. Бывае аналагавы і лічбавы (найб. дасканалы). У адрозненне ад фота- і кіназдымкі пры З.т.с. відарыс напачатку пераўтвараецца ў паслядоўнасць эл. сігналаў (відэасігналаў), якія фіксуюцца на носьбіце запісу. Адрозніваюць магн. (найб. пашыраны), аптычны, магн.-аптычны, эл.-статычны, мех. З.т.с.; пры запісе ў памяць ЭВМ выкарыстоўваюцца накапляльнікі даных.
Магн. З.т.с. падобны на магнітны запіс гуку і ажыццяўляецца на магн. стужцы (або дыску) з дапамогай відэамагнітафона. Адрозніваецца магчымасцю шматразовага выкарыстання носьбіта, дазваляе электронны мантаж фрагментаў відэаінфармацыі і інш. Пры аптычным і магн.-аптычным З.т.с. на носьбіт запісу ўздзейнічае светлавы прамень (звычайна лазерны), у выніку чаго асобныя ўчасткі носьбіта мяняюць свае аптычныя характарыстыкі (напр., каэф. адбіцця, пераламлення ці паглынання святла; гл. Аптычны дыск). Пры эл.-статычным З.т.с. на сігналаграме фіксуецца размеркаванне эл. зарадаў (патэнцыяльны рэльеф) на паверхні носьбіта (дыска). Дыскі выкарыстоўваюцца толькі для ўзнаўлення інфармацыі (як грампласцінкі) з дапамогай ёмістаснага пераўтваральніка. Мех. З.т.с. падобны на мех. гуказапіс; яго носьбіт — метал. ці пластмасавы дыск, на паверхні якога сігналаграма фіксуецца ў выглядзе спіральнай канаўкі, шырыня (ці глыбіня) якой мяняецца ў адпаведнасці з параметрамі відэасігналаў.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЕ ЗАНДЗІ́РАВАННЕ атмасферы і гідрасферы,
светлавая лакацыя структуры і саставу асяроддзя на аснове імпульсных лазераў. Характарызуецца высокай прасторавай і часавай раздзяляльнай здольнасцю, экспрэснасцю, бескантактнасцю, магчымасцю атрымання звестак з вял. прасторы.
Заснавана на рассеянні імпульснага лазернага выпрамянення ў паветры ці вадзе і залежнасці ўласцівасцей рассеянага святла ад саставу і інш. характарыстык рассейвальнага асяроддзя (гл. Рассеянне святла). Пры Л.з. вымяраюць інтэнсіўнасць і спектральны састаў рассеянага святла, яго дэпалярызацыю і доплераўскі зрух частаты (гл. Доплера эфект), спазняльнасць адносна моманту, у які лазерны імпульс накіроўваецца ў асяроддзе. Гэта дае магчымасць вызначыць у атмасферы канцэнтрацыю розных газаў і аэразолей, сярэдні памер часцінак, іх дысперснасць і форму, іншы раз і хім. састаў, т-ру паветра, скорасць ветру; для вады — канцэнтрацыю арган. і неарган. завісі, стан воднай паверхні, яе т-ру і інш.; па часе запазнення вызначаюць адлегласць да месца, з якога прыйшло рассеянае святло. Прылады для Л.з. наз. лідарамі. Л.з. дае магчымасць кантраляваць забруджванне атмасферы, «азонныя дзіры» і інш.
На Беларусі работы па Л.з. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН (у 1966 тут праведзена першае ў СССР Л.з. атмасферы і вады).
Літ.:
Лазерный контроль атмосферы: Пер. с англ. М., 1979;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.А. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985;
Иванов В.И., Малевич И.Л., Чайковский А.П. Многофункциональные лидарные системы. Мн., 1986.
А.П.Іваноў.
т. 9, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)