Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Лагойскі падпольны райком КП(б)Б 9/61
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ РАЁН На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс.км2. Нас. 43,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г.Лагойск. Уключае г.п.Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.
Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыроды мясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 90,6 тыс.га, з іх асушаных 23,7 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ БОЙ 1942,
бой партыз брыгады «Штурмавая» (камандзір Б.М.Лунін) па разгроме фаш. гарнізона (каля 240 гітлераўцаў) у г. Лагойск Мінскай вобл. ў ноч на 23 снеж. ў Вял.Айч. вайну. Напярэдадні аперацыі лагойскія падпольшчыкі склалі схему ўмацаванняў ворага, перадалі партызанам звесткі пра размяшчэнне яго агнявых пунктаў і пастоў аховы. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны разграмілі памяшканні паліцэйскай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з харчаваннем і фуражом, захапілі вял. трафеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ МУЗЕ́Й СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ,
адзін з першых на Беларусі гісторыка-археал. музеяў. Засн. ў 1842 братамі К.П.Тышкевічам і Я.П.Тышкевічам у родавым маёнтку ў Лагойску. Размяшчаўся ў іх двухпавярховым палацы. Яго аснову склалі археал. знаходкі Тышкевічаў пры даследаванні курганоў, гарадзішчаў, замчышчаў Мінскай губ. У музеі былі багатыя калекцыі зброі, манет, медалёў; захоўваліся таксама крыж з серабра і золата, 2 мячы з мініяцюрнымі партрэтамі Стафана Баторыя (16 ст.), шведскія сцягі, адваяваныя С.Чарнецкім у 1656 у шведскага караля Густава, шпага Пятра 1 і многае інш. Паводле звестак П.М.Шпілеўскага, у нумізматычнай калекцыі музея было больш за 1 тыс. манет і медалёў, 3 тыс. кніг, з якіх каля 500 — помнікі айч. кнігадрукавання. Захоўваліся стараж. рукапісы, карты. У 1855 на базе экспанатаў Л.м.с. заснаваны Віленскі музей старажытнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл.Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял.Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.
А.М.Кулагін.
Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў,
князь ізяслаўскі (заслаўскі) і лагожскі (лагойскі) у 12 ст. Сын полацкага кн.Давыда Усяславіча ці кн.Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1127, калі вял. кіеўскі кн.Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў буйны ваенны паход на Полацкую зямлю. Войска Брачыслава было акружана пад Лагожскам, а ён зняволены сваім шваграм кн. Ізяславам Мсціславічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБІНСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у Барысаўскай акрузе. Цэнтр — мяст.Зембін. У 1925 пл. 917 км2, 30 154 ж., 285 нас. пунктаў. 20.8.1924 падзелены на 7 сельсаветаў. З 9.6.1927 у Мінскай акрузе. 22.9.1927 З.р. скасаваны, яго тэр. перададзена ў Плешчаніцкі, Бягомльскі і Лагойскі р-ны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА ВАЛАДА́РАВІЧ,
лагожскі (лагойскі) князь 12 ст. У 1186 разам са смаленскім кн. Давыдам, яго сынам наўгародскім кн. Мсціславам і друцкім кн. Усяславам удзельнічаў у паходзе на Полацк. Полацкае веча вырашыла дамагацца мірнага ўрэгулявання канфлікту: палачане сустрэлі праціўнікаў з пашанай і паклонамі, далі ім шмат дароў; тыя, атрымаўшы ўзнагароду, згадзіліся на мір.