ЛАГАЭ́Д (ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),

1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.

2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:

Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.​Купала. «Безназоўнае»).

У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.​Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л.стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л.верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, АІЇушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)