АДУШАЎЛЁНАСЦЬ – НЕАДУШАЎЛЁНАСЦЬ,

лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны абазначаных назоўнікамі прадметаў да жывой і нежывой прыроды. Адушаўлёныя назоўнікі абазначаюць людзей і розных жывых істот («Рыгор», «настаўніца», «тыгр», «ластаўка», «карась», «камар»), неадушаўлёныя — расліны, прадметы, апрадмечаныя з’явы і паняцці («клён», «машына», «раса», «цемра», «свядомасць»).

Граматычна адушаўлёнасць-неадушаўлёнасць праяўляецца ў форме вінавальнага склону мн. л.: у адушаўлёных назоўніках супадае з формай роднага, а ў неадушаўлёных — назоўнага склону («бачыць людзей — бачыць дрэвы», «лавіць язёў — лавіць сняжынкі»). Пад катэгорыю адушаўлёных часам граматычна падводзяцца некаторыя неадушаўлёныя прадметы і наадварот.

Л.І.Бурак.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НІКІ,

бел. нар. гульня. У сярэдзіне пляцоўкі чэрцяць круг такой плошчы, каб у ім маглі размясціцца ўсе, што гуляюць — «конікі». Выбіраюць «шпака» і становяцца ў круг. «Шпак», скачучы на дзвюх або адной назе, пачынае лавіць «конікаў» і як толькі выйдзе за межы круга, усе пачынаюць перамяшчацца як і ён. Калі «шпак» зловіць ці дакранецца да гульца, той становіцца «шпаком», і гульня працягваецца з тымі ж умовамі.

Я.Р.Вількін.

Конікі: 1 — лясны, 2 — лугавы, 3 — палявы, 4 — чырвонаваллёвы (а — самец, б — самка).

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́СІ-ЛЕ́БЕДЗІ»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі выбіраюць кіраўніка — «гусіную маці» і дзеляцца на 2 групы — «гусей» і «ваўкоў». «Маці» садзіцца на лаўку, «гусі» становяцца на процілеглым баку, «ваўкі» — у цэнтры. «Маці» кліча «гусей»: «Гусі, дадому!». Тыя пытаюцца: «А што дома?». «Маці»: «Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!». «Гусі»: «А што ім рабіць?». «Ваўкі»: «Гусей лавіць». «Маці» камандуе: «Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе дахаты». «Гусі» бягуць да яе, а «ваўкі» іх ловяць. Гульня працягваецца, пакуль «ваўкі» не пераловяць усіх «гусей», пасля мяняюцца ролямі.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНГЛІ́РАВАННЕ (ад франц. jongler),

жанр цыркавога мастацтва, заснаваны на ўменні падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Адрозніваюць Ж.: партрэтнае — на цыркавым дыване з булавамі, кольцамі і інш. прадметамі; на конях, на дроце, матацыклах, драбінах; сілавое; Ж. т.зв. антыпадыстаў (жангліруюць нагамі).

Мастацтва Ж. вядомае са стараж. часоў (у Стараж. Егіпце, ант. Грэцыі і Рыме). У сярэднія вякі з Ж. выступалі вандроўныя нар. акцёры: жанглёры ў Францыі, мімы ў Італіі, шпільманы ў Германіі, хугляры ў Іспаніі, франты ў Польшчы, скамарохі ў Беларусі і Расіі. З 19 ст. Ж. — цыркавы жанр.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,

барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦК КПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.К.Шчасную і А.І.Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.П.Зарэцкі, К.І.Субач, М.І.Субач, І.А.Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.Танка «Нарач» (1937), карціна В.Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.

Да арт. Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.Цвірхі 1957.

т. 11, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,

пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.

І.І.Лучыц-Федарэц.

т. 11, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁР (Castor fiber),

млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.

Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.

У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл. Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.

Бабёр.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ,

юрыдычны тэрмін у прававых дакументах ВКЛ 15—18 ст. (у 18 ст. ўжываўся рэдка), якім абазначаліся некалькі дзесяткаў розных катэгорый насельніцтва, часам вельмі вузкія групы. Найб. пашыраныя тэрміны: Л. народу хрысціянскага, пенежныя, простага стану, прыказныя, свавольныя, лёзныя.

Л. народу хрысціянскага — грамадзяне (абывацелі) хрысціянскай веры; насельніцтва ВКЛ, якое поўнасцю карысталася палажэннямі Статутаў 1529, 1566 і 1588. Спец. артыкул ва ўсіх Статутах забараняў нехрысціянам мець нявольнікаў-хрысціян. Купля хрысціяніна ці хрысціянкі ў няволю яўрэем, татарынам і «кождым бесурмяниным» лічылася незаконнай. Перавод з хрысціянства ў інш. рэлігію забараняўся і караўся аж да спалення на кастры.

Л. пенежныя (Л. «в пенязех») — катэгорыя сялян у 15—1-й пал. 16 ст., якія, пераходзячы да новых феадалаў, бралі ў іх пазыку і абавязваліся выконваць сял. службу да моманту яе выплаты. «Л. пенежнымі» наз. таксама і жаўнераў, наёмных салдат у войску ВКЛ у 15—16 ст., якія атрымлівалі за сваю службу грашовае жалаванне (пенязі). Тэрміны «Л. пенежныя» і «Л. служэбныя» сустракаюцца ў шматлікіх дакументах Літоўскай метрыкі. Л. служэбныя падзяляліся на Л. езных (конніцу) і Л. пешых (пяхоту).

Л. простага стану — мяшчане і сяляне ў ВКЛ. Тэрмін сустракаецца ўжо ў Статуце ВКЛ 1529. У Статуце ВКЛ 1566 у 1-м артыкуле 12-га раздзела ўпамінаюцца панцырныя і путныя слугі, бортнікі, цяглыя сяляне, парабкі. Часцей тэрмін «Л. простага стану» сустракаецца ў Статуце ВКЛ 1588, дзе пералічаны іх катэгорыі: «бояре панцерные, путные, мещане, або люди тяглые». 12-ы раздзел Статута ў загалоўку мае тэрмін «людзі простыя». Гэты тэрмін часта ўжываўся і ў інш. афіц. актах 16 ст.

Л. прыказныя (слугі прыказныя) служылі па вольным найме ці былі аддадзены на службу вотчыннікам. Юрыдычна былі ўраўнаваныя з Людзьмі «пахожымі» вольнымі. Таму ўжываўся і тэрмін «Л. вольныя, прыказныя, пахожыя».

Л. свавольныя — разбойнікі, якія хаваліся ў стэпах паўд. часткі ВКЛ, рабавалі маёнткі магнатаў і шляхты, нападалі на пагранічнае насельніцтва суседніх краін. Законы ВКЛ абавязвалі старостаў і гетманаў лавіць іх і караць смерцю. У дакументах 16—17 ст. тэрмін ужываўся і для абазначэння людзей лёзных, а таксама казакоў-паўстанцаў.

Л. лёзныя, люзныя, гультаі — сацыяльная і юрыдычная катэгорыя насельніцтва, якая існавала ў ВКЛ у 16—17 ст. Паходзілі пераважна з вольных сялян, людзей «пахожых», якія страцілі сваю гаспадарку і ў пошуках заробку пераходзілі з вёскі ў вёску, а ў канцы 16—17 ст. — з горада ў горад. Яны папаўнялі гарадскі плебс, выконвалі часовыя работы ў рамеснікаў ці гандляроў, наймаліся матросамі на гандл. судны. На перыяд жніва і сенакосу ці ў час вайны Л. лёзныя прымусова выкарыстоўваліся на с.-г. работах. У 1-й пал. 17 ст. Л. лёзныя складалі ў некат. гарадах Беларусі каля 10—13% насельніцтва (Слонім, Мінск, Чавусы, Слуцк, Магілёў, Віцебск, Полацк). Па меры запрыгоньвання сялянства катэгорыя Л. лёзных у 2-й пал. 17 ст. знікае.

Літ.:

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975. С. 221—223;

Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 57—61.

А.П.Грыцкевіч.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)