Лабок М. 11/150

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАВА (Ірына Анатолеўна) (н. 17.12.1940, Мінск),

бел. мастак. Дачка А.В.Волкава, унучка В.В.Волкава. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел. тэатр.-маст: ін-т (1968). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1993). Работы ў каляровай літаграфіі «Рамонкі», «Півоні», «Восень» (1989), станковыя лісты «Наша Радзіма» (1991); афорты «Юнацтва Палесся» (1981), трыпціх «Ратамка» (1990); акварэлі «Дзіцячыя цацкі», «Кветкі на падаконніку» (1969), «Беларускі лён і руская гжэль» (1975), «Цюльпаны» (1980) і інш. Аформіла дыяфільмы «Каток — залаты лабок», «Заяц-хвалько», «Мілавіца», «Ад А да Я», «Дундзік у гасцях у беларускіх сяброў» і інш.

І.Волкава. Беларускі лён і руская гжэль. 1975.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Анатоль Валянцінавіч) (25.11.1908, г. Пенза, Расія — 21.12.1985),

бел. графік. Сын В.​В.​Волкава. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—30). У 1944—45 супрацоўнічаў у сатыр. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945—80 у час. «Вожык». Працаваў у галіне выяўл. сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У яго сатыр. малюнках і карыкатурах дасканалая кампазіцыя, індывідуалізацыя, гіпербалічнае шаржыраванне сатыр. тыпажу («Партызанскі воз», «Лайдак на сенакосе» і інш.). Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» (1940) і «Новая зямля» (1949) Я.​Коласа, «Баранаў Васіль» А.​Куляшова (1941), «Мушка-зелянушка» М.​Багдановіча (1947, 1952), «Казка пра папа і работніка яго Балду» А.​Пушкіна (1950), «Выбраныя творы» М.​Гогаля (1952), «Аповесці» (1957) і «Міколка-паравоз» (1965) М.​Лынькова, зборнікі бел. нар. казак у апрацоўцы А.​Якімовіча «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Сярод станковых твораў: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары» (1958), «Юныя мінчане» (1968), «Дзеці 1920-х г.» (1969) і інш. Жывапісныя палотны: «Пчальнік» (1943), «Янка Купала на адпачынку» (1949), «Першага верасня» (1950), «Снежкі» (1957) і інш.

А.В.Волкаў. Першага верасня. 1950.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Алена Георгіеўна) (н. 22.1.1933, Вільнюс),

бел. графік. Скончыла Дзярж. маст. ін-т Літвы (1955). Творам уласцівы сувязь з бел. нар. традыцыямі, прастата і яскравасць выяўл. мовы. Вядома як мастак дзіцячай кнігі («Вераб’ёвы госці» А.​Якімовіча, 1960; «Дударык», 1964, і «Ладачкі-ладкі», 1977, В.​Віткі; «Скарб» З.​Бядулі, 1965, 1975; «Кую-кую ножку», 1967, «Азбукі», 1997, А.​Дзеружынскага; «Калыханкі», 1995; «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У.​Ягоўдзіка 1997; бел. казкі «З рога ўсяго многа», 1968, «Залатая яблынька», 1974, «Разумная дачка», 1988; «Канёк-гарбунок» П.​Яршова, «Крылаты цэх» В.​Лукшы, абедзве 1982; «Слова пра паход Ігаравы», 1986). Сярод станковых твораў серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Песні заходніх славян» (1974), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Пад палескімі дубамі» (1981), на ляўкоўскія вершы Я.​Купалы (1982), «Людзі на Прыпяці» (1984—89), «Ружанскія паданні» (1991), «Народныя беларускія калыханкі» (1992—93), цыкл малюнкаў да твораў Я.​Коласа «Казкі жыцця» (1998). Некаторыя творы стылістычна пераклікаюцца з нар. лубком. Працуе таксама ў жывапісе.

Тв.:

Дзесяць дзён у Барку. Мн., 1984.

Літ.:

Латун З.І. Алена Лось. Мн., 1977.

А.Лось. Ілюстрацыя да «Слова пра паход Ігаравы». 1986.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)