ЛАБНО́Р,

бяссцёкавае возера на У Тарымскай раўніны, у Кітаі. Выш. ўзроўню каля 780 м. Месцазнаходжанне, памеры, контуры і салёнасць вады моцна мяняюцца на працягу года або сезона, што абумоўлена зменамі расходу вады і міграцыямі вусцевых участкаў рэк Тарым і Канчэдар’я. Макс. пл. сучаснага Л. дасягае 3 тыс. км2, даўж. больш за 100 км, сярэдняя глыб. каля 1 м. Акаймаваны багністымі саланчакамі і балотамі, у малаводныя перыяды распадаецца на некалькі плёсаў або перасыхае. Даследаваў рас. падарожнік М.М.Пржавальскі.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,

басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)