Кішачная палачка 1/544; 2/378; 5/612

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕ́КЦЫЯ (ад позналац. infectio заражэнне),

працэс узаемадзеяння макра- і мікраарганізма. Дыяпазон праўлення І. — ад бессімптомнай формы да цяжкіх форм інфекцыйнай хваробы. Успрымальнасць арганізма жывёлы ці чалавека да патагеннага мікраарганізма залежыць ад відавой і індывід. неўспрымальнасці, наяўнасці інфекц. ці прышчэпачнага імунітэту. І. наз. таксама ўзбуджальнікаў хваробы (мікробы, вірусы, прасцейшыя і інш.), пранікненне ў арганізм (заражэнне), лакалізацыю ў пэўным органе (напр., кішачная палачка) і інш.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАЛІНІ́Т,

запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.

І.​У.​Дуда.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МБЛІІ, жыярдыі (Lamblia, Giardia),

род паразітычных прасцейшых падтыпу жгуцікавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку млекакормячых (грызуны, трусы), птушак, паўзуноў і земнаводных. У чалавека (пераважна ў дзяцей) адзначаецца Л. кішачная (L. intestinalis) — узбуджальнік лямбліёзу.

У жыццёвым цыкле 2 стадыі: вегетатыўная (трафазоіт) і цыста. Даўж. трафазоіта да 30, шыр. да 8 мкм, цела грушападобнае, двухбаковасіметрычнае. 4 пары жгуцікаў, 2 ядры. 2 апорныя стрыжнёвыя пласцінкі. Цыста даўж. да 13, шыр. да 9 мкм. Размнажаюцца дзяленнем.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАГЕНЕ́З (ад грэч. organon прылада, інструмент + ...генез),

утварэнне зачаткаў органаў і іх дыферэнцыроўка ў анта- або філагенез шматклетачных арганізмаў. Амаль ва ўсіх жывёл зародак мае 3 зародкавыя лісткі: эктадэрму, мезадэрму і энтадэрму. У пазваночных з эктадэрмы ўзнікаюць зачаткі ц. н. с., органаў пачуццяў, покрываў, з мезадэрмы — шкілета, мускулатуры, крывяноснай сістэмы, палавых органаў і органаў выдзялення, з эктадэрмы — кішачная трубка, з якой потым утвараюцца зачаткі печані, падстраўнікавай залозы, органаў дыхання. Антагенетычны арганагенез да пэўнай ступені ўзнаўляе філагенетычны. У раслін арганагенез — гэта фарміраванне і развіццё асн. органаў (кораня, сцябла, лісця, кветак) у працэсе антагенезу з мерыстэмы.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],

прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл. Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл. Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл. Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)