ДАРВА́ЛЬ (Dorval; сапр. Дэланэ, Delauney) Мары (7.1.1798, г. Лар’ян, Францыя — 20.5.1849), французская актрыса. З сям’і правінцыяльных акцёраў. З дзяцінства выступала на сцэне. У 1818—34 у т-ры «Порт-Сен-Мартэн» (адзін з вядучых дэмакр. «тэатраў бульвараў» Парыжа). У 1834—38 у «Камеды Франсэз». Стварала вобразы шчырых, цэльных жанчын, вымушаных адстойваць сваё права на шчасце. Сярод лепшых роляў: Амалія, Лючыя («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца», «Ламермурсхая нявеста» В.​Дзюканжа), Марыён Дэлорм (аднайм. п’еса В.​Гюго), Адэль д’Эрвэ («Антоні» А.​Дзюма-бацькі), Кіці Бэл («Чатэртан» А. дэ Віньі).

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАЛЯ́ЕВА (Святлана Уладзіміраўна) (н. 18.4.1937, Масква),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1958). З 1959 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага. Талент Н. выявіўся ў лірыка-драм., камедыйных і вострахарактарных ролях: Ганна Паўлаўна Звяздзінцава («Плады асветы» Л.​Талстога), Серафіма Карзухіна («Бег» М.​Булгакава), лэдзі Габулеці і Эмі («Чума на абедзве вашыя хаты» і «Кін IV» Р.​Горына), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса), лэдзі Кіці («Кола» С.​Моэма), Моніка («Кветка, якая смяецца» Н.​Коўарда; антрэпрыза М.​Казакова) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Яўген Анегін» (1958), «Такое кароткае доўгае жыццё» (1975), «Службовы раман» (1977), «Партрэт з дажджом» (1978), «Гараж» (1980), «Каранцін» (1983), «Апошні крок» (1985), «Горка!» (1998) і інш.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІНА (Ніна Іванаўна) (н. 13.5.1942, г. Электрасталь Маскоўскай вобл.),

руская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арг. СССР (1987). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961, кл. С.​Галоўкінай). У 1961—88 у трупе Вял. т-ра ў Маскве. З 1989 педагог-рэпетытар гастрольна-канцэртнай групы «Зоркі Вялікага балета». Яе талент і творчая індывідуальнасць найб. ярка раскрыліся ў балетах, вырашаных мовай сучаснай харэаграфіі. Першая выканаўца партый: Дзяўчына («Геолагі» М.​Карэтнікава, 1964), Выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага, 1965), Дзяўчына («Ікар» С.​Сланімскага, 1971), Кіці («Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына, 1972), Каханая («Азоранасць» А.​Пахмутавай, 1973), Радысачка («Чыпаліна» К.​Хачатурана, 1977). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Маша, Аўрора, прынцэса Фларына («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жанна («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Гаспадыня Меднай гары, Анастасія («Каменная кветка», «Іван Грозны» С.​Пракоф’ева), Муза («Паганіні» С.​Рахманінава), Асель («Асель» У.​Уласава), Геро, Шура Азарава («Каханнем за каханне», «Гусарская балада» Ц.​Хрэннікава) і інш. Знялася ў тэлебалеце «Гарэзлівыя частушкі» (1970), у тэлефільмах-канцэртах «Харэаграфічныя навелы» (1973), «Танцуюць Ніна Сарокіна і Міхаіл Лаўроўскі» (1982). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў.

С.​В.​Гуткоўская.

Н.Сарокіна ў ролі Асель.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)