КІТС ((Keats) Джон) (31.10.1795, Лондан — 23.2.1821),

англійскі паэт. Прадстаўнік лонданскіх рамантыкаў малодшага пакалення (т. зв. «школы кокні»). Па адукацыі ўрач. Друкаваўся з 1816. Першы зб. — «Вершы» (1817). Унёс у англ. паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), маст. прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук К. ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця. Звяртаўся да сюжэтаў л-ры Адраджэння (паэмы «Ізабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гіст. трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драм. паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Паліт. матывы ў вершы «Да Касцюшкі». На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1986;

Стихотворения и поэмы. М., 1989.

Літ.:

Дьяконова Н.Я. Китс и его современники. М., 1973.

Н.​М.​Саркісава.

Дж. Кітс.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТС ((Kits) Эльмар) (27.4.1913, г. Тарту, Эстонія — 24.3.1972),

эстонскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1971). Скончыў Вышэйшую маст. школу «Палас» у Тарту (1939). У 1940—41 выкладаў у Вышэйшай маст. школе ў Тарту, у 1944—49 у Таргускім маст. ін-це. Працаваў у тэматычнай карціне, пейзажы, нацюрморце, партрэце. Творчасці ўласцівы свабодная жывапісная манера і тонкасць каларыстычных вырашэнняў: «Згарэлы горад» (1943), «Начная хабанера» (1944), «Кемскі парог» (1955—56), аўтапартрэт (1956), «Паводка ў Валгаметсе» (1960), трыпціх «Музыка, балет, выяўленчае мастацтва» (1961—62), «Будаўнікі», «У.​І.​Ленін» (абодва творы 1969, Дзярж. прэмія Эстоніі 1970) і інш.

Э.Кітс. Кемскі парог. 1955.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кітс Э. 9/427; 11/480

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кітс Дж. 3/228, 229; 5/612; 7/47; 8/306; 9/91

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КІТС І НЕ́ВІС (Saint Kitts and Nevis),

Федэрацыя Сент-Кітс і Невіс (Federation of Saint Kitts and Nevis), дзяржава ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх астравоў ва ўсх. ч. Карыбскага м. Пл. 261,6 км². Нас. 38,8 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц. дыялект. Сталіца — г. Бастэр (на в-ве Сент-Кітс). У адм. адносінах падзелена на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (19 верасня).

Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход з 3 сенатараў (прызначаюцца ген.-губернатарам) і 11 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці). Жыхары в-ва Невіс маюць уласныя заканад. і выканаўчыя органы. Губернатара прадстаўляе прызначаны ім намеснік.

Прырода. А-вы Сент-Кітс (168,4 км²) і Невіс (93,2 км²) вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1156 м на в-ве Сент-Кітс). Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Сярэднія месячныя т-ры 18—24 °C, ападкаў ад 700 да 1200 мм за год. Горныя схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі.

Насельніцтва. Асн. народ сенткітсцы, пераважна негры (86%) і мулаты. Вернікі — пратэстанты (англікане і метадысты) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,34% (1999). Сярэдняя шчыльн. 148 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 34%. У сельскай гаспадарцы і прам-сці занята 31% працоўных, у абслуговых галінах 69%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.

Гісторыя. Стараж. насельніцтва — індзейцы аравакі і карыбы, большасць якіх знішчана еўрап. каланізатарамі. В-аў Сент-Кітс адкрыты Х.​Калумбам у 1493. У 1623 тут заснавалі сваё пасяленне англічане, у 1624 — французы. Доўгі час за валоданне астравамі ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацаваны за апошняй у 1783. У 1871—1956 ч. брыт. калоніі Падветраныя а-вы, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» (разам з в-вам Ангілья, выйшла ў 1980). 19.9.1983 абвешчана незалежнасць С.-К. і Н. ў складзе Садружнасці. Гал. праблемай дзяржавы з’яўляюцца сепаратысцкія настроі на в-ве Невіс, дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая, Рух нар. дзеяння, Рэфармісцкая партыя Невіса. С.-К. і Н. — чл. ААН (з 1983).

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і сфера паслуг (абслугоўванне замежных турыстаў). Валавы ўнутр. прадукт на душу насельніцтва 6 тыс. дол. (1999). 5,5% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 22,5% — у прам-сці, 72% — у абслуговых галінах (укл. турызм). Краіну штогод наведвае каля 160 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША і Вялікабрытаніі. Даход ад турызму 66 млн. дол. (1998). Гал. цэнтр — пас. Фрайгейт на в-ве Сент-Кітс. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 6,5 тыс. га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 5,7 тыс. га, пашай — 0,8 тыс. га. Гал. экспартныя культуры — цукр. трыснёг (каля ​1/3 ворных зямель), бавоўнік, какосавая пальма, арахіс. Вырошчваюць таксама бананы, рыс, кукурузу, ананасы, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (14 тыс. галоў), птушак (60 тыс. галоў, 1997). Насельніцтва традыцыйна займаецца рыбалоўствам. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па вытв-сці цукру-сырцу, патакі-меласы, бавоўны, баваўнянага і какосавага алею, алкагольных напіткаў, тэкстылю, абутку, фармацэўтычных вырабаў. Ёсць невял. прадпрыемствы па зборцы эл. і электронных прылад. Вытв-сць электраэнергіі 85 млн. кВт∙гадз. (1998). Даўж. аўтадарог 320 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 136 км. На цукр. плантацыях в-ва Сент-Кітс ёсць вузкакалейная чыгунка даўж. 58 км. 2 аэрапорты, у т. л. міжнар. Голдэн-Рок (каля г. Бастэр). Марскія парты: Бастэр і Чарлстаўн. У 1997 экспарт склаў 43,7 млн. дол., імпарт — 129,6 млн. дол. У экспарце пераважаюць цукар-сырэц, патака-меласа (34%), бавоўна (20%), баваўняны і какосавы алей; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (68% экспарту і 42% імпарту), Вялікабрытанія (22% і 11%), краіны Карыбскага бас. Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (каля 5,5 млн. дол. штогод). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Кітс і Невіс.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сент-Крыстофер (Сент-Кітс) — Невіс-Ангілья 7/601; 9/490

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЭ́Р (Basseterre),

горад, сталіца дзяржавы Сент-Кітс і Невіс у Вест-Індыі. 19 тыс. ж. (1994). Порт на паўд. беразе в-ва Сент-Кітс (Сент-Крыстафер). Аэрапорт. Цукр. з-д, вытв-сць эл. і электронных прылад, напіткаў. Бат. сад. Кафедральны сабор. Турызм.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МІЛЬТАН ((Hamilton) Александэр [11.1.1755) (1757?),

в. Невіс, Сент-Кітс і Невіс — 12.7.1804], дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць 1775—83 карыстаўся папулярнасцю як аратар і публіцыст. У 1776—81 у арміі, сакратар Дж.Вашынгтона. Лідэр партыі федэралістаў з 1789. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі на англ. ўзор. У 1789—95 міністр фінансаў. Адстойваў неабходнасць цэнтралізаванай дзяржавы, якая спрыяе развіццю капіталіст. сістэмы гаспадаркі. Ініцыятар заключэння нявыгаднага для ЗША дагавора (1794) з Англіяй.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКАЯ АМЕ́РЫКА (ісп. América Latina, англ. Latin America),

агульная назва краін, якія займаюць паўд. ч. Паўн. Амерыкі (на Пд ад р. Рыо-Бравадэль-Нортэ, уключае Цэнтральную Амерыку і Вест-Індыю) і ўсю Паўд. Амерыку, тэрыторыя якіх у 15—16 ст. была заваявана і каланізавана Іспаніяй і Партугаліяй. На працягу 19 і 20 ст. на гэтай тэрыторыі ўтварыліся самаст. дзяржавы. Л.А на пач. 1999 уключае дзяржавы: Антыгуа і Барбуду, Аргенціну, Багамскія Астравы, Балівію, Барбадас, Беліз, Бразілію, Венесуэлу, Гаіці, Гандурас, Гаяну, Гватэмалу, Грэнаду, Дамініканскую Рэспубліку, Дамініку, Калумбію, Коста-Рыку, Кубу, Мексіку, Нікарагуа, Панаму, Парагвай, Перу, Сальвадор, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Сурынам, Трынідад і Табага, Уругвай, Чылі, Эквадор, Ямайку (гл. пра кожную адпаведны артыкул), а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў і ЗША Пл. Л.А. 22,8 млн. км². Нас. каля 500 млн. чал. (1998). Нац. склад (нашчадкі еўрап. перасяленцаў, індзейцы, метысы, негры, мулаты і інш.) сфарміраваўся ў выніку складаных этн. і гіст. працэсаў. З 33 палітычна самаст. дзяржаў Л.А. ў 18 (каля ​2/3 насельніцтва) афіц. або дзярж. мовай з’яўляецца іспанская, у адной (Бразілія) — партугальская, у 14 невял. дзяржавах — французская (Гаіці), англійская (Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Беліз, Гаяна, Грэнада, Дамініка, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Трынідад і Табага, Ямайка) і галандская (Сурынам). Больш за 10% насельніцтва размаўляюць на розных індзейскіх мовах. Назва Л.А. ўзнікла ад лац. асновы раманскіх моў, на якіх размаўляе б.ч. насельніцтва гэтай часткі кантынента; упершыню такая назва выкарыстана ў Францыі каля 1860.

т. 9, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)