КІТО́Ў (Леанід Лявонавіч) (н. 7.4.1940, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен (вольная барацьба). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1969). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1975 трэнер спартклуба БВА. Чэмпіён Еўропы (1970, Берлін) у цяжкай вазе. Сярэбраны (1969, Мінск) і бронз. (1966, г. Новасібірск, Расія) прызёр чэмпіянатаў СССР. Чэмпіён Беларусі (1964—69) па вольнай барацьбе і ў 1969 — па самба. Шматразовы пераможца і прызёр на міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтвах.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТО́ВЫ ВУС,

рагавыя пласціны ў верхняй сківіцы бяззубых (вусатых) кітоў. У паласацікаў да 800, у шэрых кітоў да 130 пласцін трохвугольнай формы. Меншы бок пласціны замацаваны ў сківіцы, а большы, расшчэплены на доўгія і тонкія рагавыя трубачкі, накіраваны ў ротавую поласць. Трубачкі пераплятаюцца паміж сабой і ўтвараюць цадзільны апарат («шчотку»), праз які кіт прапускае ваду і адцэджвае жывёл (планктон), што трапілі ў яго пашчу. Выкарыстоўваецца для дробных вырабаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паласацікі (сям. кітоў) 2/512; 8/37

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́СЫ,

1) у чалавека (мужчын) валасы над верхняй губой (другасная палавая прыкмета).

2) У многіх наземных млекакормячых (напр., катоў) — вібрысы на верхняй губе. У бяззубых кітоў (кітовы вус) — рагавыя пласцінкі ў верхняй сківіцы, якія ўтвараюць цадзільны апарат, на рыле — адзіночныя валаскі для дотыку. У некаторых птушак (напр., у вусатых сініц) — шчацінкападобнае пер’е ў вуглах рота, якое выконвае функцыю дотыку.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІЛЬТРА́ТАРЫ,

водныя жывёлы, якія кормяцца дробнымі арганізмамі планктону або завіслымі арган. часцінкамі (дэтрытам), што адцэджваюцца (фільтруюцца) з вады. Падзяляюцца на актыўных і пасіўных. У актыўных фільтрацыя адбываецца праз спец. прыстасаванні: рашэцісты фільтр у апендыкулярый, шчэлепы ў двухстворкавых малюскаў, лафафоры ў плечаногіх і імшанак, пласціны вусоў кітоў і інш. У пасіўных для фільтрацыі «расстаўляюцца» своеасаблівыя лоўчыя сеткі. Біяфільтратары ўдзельнічаюць у працэсах біялагічнага самаачышчэння забруджаных водаў і ў біял. ачыстцы вадаёмаў.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛУ́ХА (Delphinapterus leucas),

млекакормячае падатр. зубатых кітоў сям. дэльфінавых. Адзіны від роду. Пашырана ў морах Арктыкі і ў прылеглых Берынгавым і Ахоцкім морах. У вельмі суровыя зімы трапляецца каля берагоў Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, заходзіць у Балтыйскае м.

Даўж. да 6 м, маса да 2 т. Галава круглаватая, невялікая. Афарбоўка цела ў дарослых белая або жоўтая, у маладых шэрая і блакітная. Корміцца рыбай і ракападобнымі, у пагоні за рыбай заходзіць у рэкі. Добра пераносіць няволю. Важны прамысл від. Цэніцца за моцную скуру і высакаякасны тлушч.

Бялуха.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСТРЭ́Л,

нарміраваная здабыча дзікіх жывёл з дапамогай агнястрэльнай або механічнай зброі дыстанцыйнага дзеяння. Праводзіцца ў вызначаныя гасп. ці прыродаахоўнымі органамі тэрміны і паводле ўстаноўленых імі нормаў здабычы ў прамысл., старт. і навук. мэтах, а таксама для аздараўлення ці аптымізацыі структуры (селекцыйны адстрэл) папуляцый. Адстрэл відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, забаронены. Адстрэл многіх інш. відаў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. прыродаахоўнага заканадаўства, ажыццяўляецца на падставе ўзгодненых квот (напр., адстрэл кітоў) або выдадзеных ліцэнзій (на Беларусі, напр., ліцэнзійная здабыча аленяў, дзікоў і інш. Звяроў). Гл. таксама Паляванне.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБА́ТЫЯ КІТЫ́ (Odontoceti),

падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 4 сям.: кашалотавыя (Physeteridae), дзюбарылыя (Ziphiidae) і 2 сям. дэльфінаў. 75 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах і акіянах. Найб. вядомыя аднарог, афаліна, бялуха, касатка, кашалот і інш. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды.

Даўж. цела 1,2—21 м, маса да 100 т. Самцы буйнейшыя за самак. У адрозненне ад бяззубых кітоў, маюць ад 2 да 240 аднавяршынных зубоў. Галава вял., насавая адтуліна (дыхала) адна, адкрываецца на цемені. Нараджаюць 1 вял. дзіцяня і 4—6 месяцаў кормяць яго малаком. Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРЫ́СЫ (лац. vibrissae ад vibro калыхаюся, выгінаюся),

доўгія, шорсткія, відазмененыя валасы ў млекакормячых, якія выступаюць над паверхняй шорсткага покрыва і выконваюць ролю дадатковых органаў дотыку. Размяшчаюцца пераважна на пярэдняй частцы галавы (вусы ў кашэчых, т.зв. маржовыя вусы ў цюленяў, маржоў), зрэдку на бруху (у вавёркі), на лапах (у многіх сумчатых), канцы хваста (у крата). Добра развіты ў жывёл, якія вядуць начны (напр., у многіх драпежных, лемураў) або падземны (у кратоў, слепышоў) спосаб жыцця. Інервуюцца больш за звычайныя валасы (напр., у вусатых кітоў у корань вібрыса можа пранікаць да 10 тыс. нерв. валокнаў).

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛІПА́ЛЫ, прыліпалавыя (Echeneidae),

сямейства рыб атр. акунепадобных (па інш. класіфікацыі — атр. прыліпалападобных). Вядомы з эацэну (каля 50 млн. г. назад). 7 родаў, 7 (10) відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных акіянічных водах. Дарослыя асобіны прысмоктваюцца да рыб, чарапах, кітоў, днішчаў суднаў. Могуць весці і свабодны спосаб жыцця (напр., прыліпала звычайны — Echeneis naucrates).

Даўж. да 1 м. Першы спінны плаўнік перамешчаны на галаву і ператвораны ў прысосак — авальны дыск, абкружаны пругкім мускульным валікам. Промні плаўніка падзелены на 2 гарыз. ч., якія ўтвараюць на прысмоктвальным дыску быццам бы папярочныя складкі, якія ўтвараюць вакуум, калі прыўздымаюцца. Кормяцца планктонам.

Прыліпала звычайны.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)