Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛІ́ЦА (Oxalis),
род кветкавых раслін сям. кіслічных. Больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі К. звычайная (O. acetosella), нар. назвы квасок, заечая капуста, баршчоўка. Трапляецца ў хвойных і шыракалістых лясах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, часам паўкусты. Лісце трайчастае ці пальчатаскладанае, прыгоднае ў ежу, але ядавітае для жывёлы. Кветкі рознага колеру, адзіночныя ці ў парасонавых або гронкавых суквеццях. Плод — каробачка. Некат. амер. і афр. віды культывуюць дзеля ядомых клубняў або як лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМНЕЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАТРО́ФЫ [ад мез(а)... + ...троф(ы)],
расліны, сярэдне патрабавальныя да наяўнасці ў глебе элементаў мінер. жыўлення. Займаюць прамежкавае становішча паміж алігатрофамі і эўтрофамі. Да М. адносяць зялёныя імхі, некат. драўняныя пароды (напр., елка), з кусцікаў — чарніцы, брусніцы, а таксама нешматлікія травяністыя расліны, што растуць пад полагам цёмнахвойнага лесу (напр., кісліца, майнік і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],
расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.